Мікалаю Чарнавусу не ўдалося ў судзе абараніць свой гонар (абноўлена)



У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы адбыўся разгляд позвы прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса пра абарону гонару і годнасці. Мікалай Чарнавус прадставіў дакументы са шпіталя і даказваў у судзе, што супрацоўнікі міліцыі адмаўляліся выклікаць хуткую дапамогу, калі яму, інваліду ІІ группы, падчас складання адміністрацыйнага пратакола стала дрэнна.

–    Цяжка выйграць справу ў судзе, тым больш калі суд на баку чыноўнікаў. Ну і так добра, што ў судзе яны стаялі, апусціўшы галовы, не паказвалі пальцы веерам, як гэта было ў аддзеле ўнутраных спраў. Але позву так і не прызналі, як і не пагадзіліся вярнуць мне дзяржпошліну і папрасіць прабачэння ў пісьмовай і вуснай форме. Нічога такога не было.

На ўсе пытанні Мікалая Чарнавуса супрацоўнікі міліцыі адказвалі, што нічога не ведаюць і не памятаюць, каб затрыманы Чарнавус прасіў выклікаць хуткую дапамогу. Цяпер Чарнавус будзе працягваць судовыя цяжбы ў вышэйшай абласной інстанцыі.

* * *

Прадпрымальніку Мікалаю Чарнавусу з Баранавіч не ўдалося праз суд Баранавіцкага раёна абараніць свой гонар і годнасць. Прадпрымальнік прасіў прызнаць абразай пісьмовыя пярэчанні ў абласным судзе першага намесніка начальніка Баранавіцкага гарадскога аддзела міліцыі Эдуарда Вільчкоўскага ў сімуляцыі Чарнавусам хваробы падчас затрымання ў ліпені месяцы нібы за арганізацыю мітынга прадпрымальнікаў, кажа Чарнавус:

– Я не сімуляваў – у мяне падняўся ціск. Я іх прасіў, каб яны выклікалі мне “хуткую дапамогу”. Работнікі міліцыі адмовілі мне. А калі ў ізалятар прывялі, пабаяліся, бо я з’яўляюся інвалідам другой групы, выклікалі “хуткую дапамогу”, і мяне забралі ў бальніцу.

Паводле Чавнавуса, суддзя Вольга Апановіч таксама паверыла кіраўніку міліцыі Вільчкоўскаму, як і абласныя суддзі, што гіпертанічны крыз з ціскам 250 на 130 можна сімуляваць.

Беларускае Радыё Рацыя