Мікалаю Дзядку ў магілёўскім СІЗА адмаўляюць у медычнай дапамозе
На палітзняволенага актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка адміністрацыя магілёўскай турмы чыніць ціск, складаючы рапарты за парушэнні, якія ён не ўчыняў.
Пра гэта газеце «Новы час» расказаў ягоны бацька Аляксандр Дзядок. Ён меў спатканне з сынам у Следчай турме № 4 Магілёва, куды Міколу перавялі 22 лістапада.
Хоць прысуд вязню ўжо агучылі — 5 гадоў калоніі — ён яшчэ не ўступіў у сілу. Таму на яго распаўсюджваюцца правілы, якія тычацца абвінавачаных, а не асуджаных.
Абарона Мікалая Дзядка падала апеляцыйныя скаргі на прысуд, але Вярхоўны суд яшчэ не прызначыў дату пасяджэння. Пакуль справа не зрушыцца, палітвязень будзе знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Магілёве.