Мікашэвіцкі актывіст аштрафаваны за салідарнасць з палітвязнямі



Звыш паўмільёна рублёў павінен заплаціць дзяржаве беспрацоўны сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з Мікашэвічаў Віталь Каліноўскі за сваё канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі. Такое рашэнне прыняла адміністрацыйная камісія пры Мікашэвіцкім гарвыканкаме.

Камісія пагадзілася з пратаколам, складзеным міліцыянтамі, дзе Каліноўскі абвінавачваўся ў расклейванні ўлётак нерэкламнага характару без дазволу.

Паводле Віталя Каліноўскага, выслухаўшы ягоныя  паясненні наконт расклейвання  ўлётак пра палітвязняў, у камісіі не было аднадушша наконт памеру штрафу. Маладая дзяўчына з камісіі выказалася за штраф не ў 3, а 1 базавую велічыню. За гэта атрымала грозны пагляд з боку старшыні камісіі і адначасова старшыні гарвыканкама Галіны Сацэвіч.

26 траўня Віталь Каліноўскі распаўсюджваў у родным горадзе ўлёткі з фотаздымкамі беларускіх палітзняволеных. Сваю акцыю прымеркаваў да суду над палітвязнем Юрыем Рубцовым, які адбываўся ў Пружанах.

Беларускае Радыё Рацыя