Міхаіл Беркас: Я зрабіў тое, што хацеў зрабіць
Выйшаў на волю жыхар Воршы Міхаіл Беркас, які адбыў месяц арышту за надпісы палітычнага зместу.
Праваfбаронцы прызналі 21-гадовага аршанца палітвязнем, бо зробленыя ім надпісы мелі выключна пратэставы характар і з’яўляліся выказваннем меркавання аўтара пра грамадска-палітычныя падзеі ў краіне. Яны не былі цынічнага ці абразлівага зместу, не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў і не распальвалі варажнечу па якіх бы ні было прыкметах. Але ў справе змест надпісаў не згадваўся – акцэнт быў зроблены на тым, што ён папсаваў чужую маёмасць, кажа Міхаіл Беркас:
– Надпісаў было шмат. “Жыве Беларусь”, “Стоп Лука”, такіх вось. Я ўзяў, намаляваў – зрабіў тое, што хацеў зрабіць. Але ў справе маёй не ўказана, што я наносіў такія надпісы, што гэта было выказванне меркавання – усё было зведзена да вандалізму, што я папсаваў пакрыццё. Пра надпісы нават не вялося.
Суд Воршы і Аршанскага раёна пакараў Міхаіла Беркаса месяцам арышту паводле артыкула 341 Крымінальнага Кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). На патрабаванне пракурора з хлопца спагналі і кампенсацыю матэряльнай шкоды на суму 583 рублі 57 капеек, хаця ніхто з уладальнікаў маёмасці, на якой з’явіліся надпісы, такога патрабавання не высоўваў. У віцебскім СІЗА Міхаіла паставілі на ўлік як асобу, схільную да экстрэмізму, – падобныя захады цяпер робяць у дачыненні практычна ўсіх зняволеных па палітычных матывах.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск