Міхаіл Пастухоў: Праваабаронцам помсцяць…



Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў распавёў, чым можа закончыцца справа праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі.

 

Як вядома, днямі ў судзе Ленінскага раёна Магілёва прайшло папярэдняе паседжанне па крымінальнай справе супраць зняволенага магілёўскай турмы №4, праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, справа накіравана на дапрацоўку.

Яму інкрымінуюць злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК РБ). Па гэтым артыкуле Бандарэнку пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Міхаіл Пастухоў: Справу накіравалі на дапрацоўку, таму на судзе што высвятліліся цікавыя акалічнасці. Аказваецца, вёў справу адзін следчы, а затым перадаў яе іншаму. І пры гэтым ніяк гэта дакументальна не аформіў. Пра тое даведаўся адвакат Бандарэнкі, і суддзя пагадзілася, што гэта сур’ёзнае парушэнне. Зараз трэба будзе па-новаму складаць матэрыялы следства, і невядома, колькі гэта часу зойме. Увогуле, вышэйзгаданая сітуацыя – даволі сур’ёзнае парушэнне і той рэдкі выпадак, калі можна паспрабаваць на гэтай падставе ўвогуле спыніць крымінальную справу.

РР: Ці праўда, што бацька праваабаронцы збіраецца накіраваць ліст кіраўніку краіны?

Міхаіл Пастухоў: Так, магчыма, гэта стане дадатковай дапамогай у справе. Відавочна ж, што праваабаронцу помсцяць за яго мінулую дзейнасць. А даводзіў да грамадства Андрэй, як вядома, выпадкі здзекаў над людзьмі ў турмах і з боку міліцыі. Дададзім, што і Міхаіл Жамчужны (яшчэ адзін былы кіраўнік праваабарончай установы “Платформа”) таксама адчувае на сабе ўзмацненне ціска. Зараз яго таксама з-за нейкіх дробязных дысцыплінарных спагнанняў накіроўваюць у турму на 3 гады. А за што спаганнні выносяць? Умоўна кажучы, не так гузік зашпіліў, не так паглядзеў… Мне зразумела адно – і Бандарэнку, і Жамчужнаму не вельмі хочуць бачыць на волі. Пры гэтым не толькі ўлады, але і некаторыя свае.

РР: Думаеце, уладам патрэбны новыя “палітычныя”?

Міхаіл Пастухоў: Не патрэбны, а таму ёсць надзея, што ў справе Бандарэнкі могуць абмежавацца толькі тым пакараннем, якое ў яго ўжо ёсць. У такім выпадку справа не атрымае палітычнае гучанне, бо праваабаронцы ўжо заявілі, што прызнаюць Андрэя палітвязнем, калі ён атрымае новы тэрмін.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя