Міхаіл Пастухоў: Суд павінен абараняць грамадзян
Беларускія праваабаронцы і юрысты падрыхтавалі прапановы па стварэнні ў краіне адміністратыўнай юстыцыі. Звязана гэта з тым, што ў Беларусі вялікая колькасць грамадзян прыцягваецца да адміністратыўнай адказнасці і значная колькасць – неабгрунтавана.
Па словах прафесара, былога суддзі Канстутыцыйнага суда Міхаіла Пастухова, для пераадолення гэтага недапушчальнага становішча распрацаваны прапановы па стварэнні ў Беларусі адміністратыўнай юстыцыі:
– Самае галоўнае ў нашых прапановах – гэта тое, што павінен быць прыняты закон пра абскарджванне ў судзе рашэнняў і дзеянняў пасадоўцаў з органаў кіравання. Суд павінен ў поўнай меры выконваць функцыю абароны грамадзян, як гэта сказана ў артыкуле 60 Канстытуцыі, як гэта прынята ва ўсім свеце. У нас жа суды фактычна не разглядаюць прэтэнзіі грамадзян да пасадоўцаў.
Таксама неабходна ў складзе судоў вылучыць спецыяльных суддзяў, якія будуць разглядаць адміністратыўныя справы. Усяго дакумент, які падрыхтаваны праваабаронцамі, складаецца з 10 пунктаў аб неабходных зменах, якія трэба ўнесці ў заканадаўства, сказаў Пастухоў.
Гэтыя прапановы будуць накіраваны ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы Беларусі і структуры Еўразвяза.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск