Міхаіл Пастухоў: Суддзяў трэба абіраць, а не прызначаць
Былы старшыня Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў суда патлумачыў, чаму ў краіне так мала выносіцца апраўдальных прысудаў.
Колькасць апраўдальных прысудаў у Беларусі па-ранейшаму на вельмі нізкім узроўні — 0,17%, але гэтая статыстыка адпавядае рэальнаму жыццю. Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч.
Міхаіл Пастухоў: Яшчэ ў 80-я гады я займаўся гэтай тэматыкай, мая дысертацыя называлася “Апраўданне падсудзімых у крымінальным працэсе”. Я яшчэ тады, у савецкія часы, здзівіўся малой колькасці апраўдальных прысудаў. Але сітуацыя не змянілася і ў нашы часы.
РР: Чаму склалася такая сітуацыя?
Міхаіл Пастухоў: Апраўданне ў судзе лічыцца вельмі непажаданым вынікам разбіральніцтва, таму што цягне за сабой шмат праблем. Перш за ўсё апраўдальнымі прысудамі незадаволены пракурор, які даказваў абвінавачванне, а яму паставілі за працу “двойку”. Таму пракурор і выкарыстоўвае затым усе магчымасці, каб апраўдальны прысуд быў адменены ў вышэйшых судовых інстанцыях. Няма радасці ад такіх прысудаў і ў следства, якое збірала доказы вінаватасці нейкага чалавека, а затым яны аказаліся фантомам. Таму ў гэтай адладжанай сістэме “следства-пракурор-суд” мала што змянілася. Мне падаецца, што апраўданне па-ранейшаму лічыцца бракам у працы ўсё гэтай сістэмы, якая працуе на паказчыкі. Таму суды апраўдваюць у выключных выпадках, калі інакш ужо зусім нельга змяніць сітуацыю.
РР: Паводле слоў Калінковіча, са стварэннем Следчага камітэта „ў суды стала менш паступаць крымінальных спраў з доказнай базай 50 на 50”.
Міхаіл Пастухоў: Трэба прызнаць, што следстсва таксама стараецца пазбегнуць выпадкаў, калі чалавека трэба апраўдваць. Таму доказная база рыхтуецца дэталёва. Але, паўтаруся, сама сістэма працуе ў асноўным у адным накірунку – абвінаваўчым. Відавочна, што сітуацыю трэба аздараўляць, таму першым крокам мог бы стаць парадак фарміравання судоў. Ад прызначэнняў суддзяў трэба перайсці да іх абрання, каб людзі ў мантыях не баяліся выносіць любы прысуд. Суддзі павінны паважаць сябе і найперш прытрымлівацца закона, а не меркавання пракурора альбо следчага.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя