Міхаіл Жамчужны: Мы павінны перамагаць інтэлектам
Віцебскі навуковец, вынаходнік і былы палітзняволены Міхаіл Жамчужны назіраў за пачаткам мірных пратэстаў збоку: да 19-га лютага ён адбываў пакаранне ў Горацкай калоніі №9.
Першы месяц на волі стаў для яго часам непасрэднага назірання за грамадскімі працэсамі, і цяпер ён дзеліцца сваімі высновамі:
– Мы паказалі найперш адно аднаму і ўсяму свету, чаго мы хочам і супраць каго выступаем. Цяпер трэба дабівацца вынікаў, ставіць перад сабою мэты. Гэта падрыхтоўка да змены ўлады з дапамогай інтэлекту, з дапамогай эканамічных захадаў. Трэба ствараць нязвыклыя для праціўніка ўмовы, апярэджваць яго з дапамогай розуму. Толькі тады перамога будзе на нашым баку з мінімальнымі стратамі і максімальнымі вынікамі.
Міхаіл Жамчужны кажа, што ён, як навуковец, гатовы зрабіць свой унёсак у развіццё эканомікі новай Беларусі. У пачатку 2000-х, калі ён яшчэ не цікавіўся палітыкай, а займаўся выключна навукай, Жамчужны падзяліўся сваімі распрацоўкамі на заклік Аляксандра Лукашэнкі “дапамагчы краіне выйсці з эканамічнага крызісу”. Распрацоўкі далі бюджэту вялікі прыбытак, але самога навукоўцу “аддзячылі” двума турэмнымі тэрмінамі. Сёння ён кажа, што мае некалькі наватарскіх ідэяў, якія агучыць пасля змены ўлады. Яны стануць прарывам у навуцы і палепшыць эканамічнае становішча Беларусі.
Цалкам гутарка з Міхаілам Жамчужным прагучыць на хвалях нашага радыё ў пятніцу, 26-га лютага, а 19.30 паводле беларускага часу. У Польшчы а 17.30.
Беларуская Радыё Рацыя