Міхаіл Жамчужны на месяц змешчаны ў ПКТ



Палітвязень Міхаіл Жамчужны, ліставанне з якім адсутнічала некалькі месяцаў, нарэшце атрымаў магчымасць пісаць лісты сваім калегам, сябрам, паплечнікам і праваабаронцам.

З ліста, які атрымала праваабаронца Таццяна Рэвяка, стала вядома, што Міхаіл Жамчужны з 6 студзеня размешчаны на адзін месяц у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Ён адзначае:

“З 3 жніўня знаходжуся ў ізаляцыі. 100 сутак у ШІЗА даліся нялёгка”.

З ліста палітвязня незразумела, ці з’яўляецца цяперашняе змяшчэнне яго ў ПКТ забеспячэннем яго асабістай бяспекі, якой ён дамагаўся ад адміністрацыі калоніі, ці гэта зноў аформлена як чарговае спагнанне.

Міхаіл Жамчужны чакаў пераводу ў ПКТ хаця б таму, што ўмовы ўтрымання ў ім прадугледжваюць магчымасць атрымліваць карэспандэнцыю і карыстацца пісьмовымі прыладамі дзеля напісання лістоў.

“У атрадзе ляжыць куча газет і лістоў. Абяцалі заўтра аддаць”, – адзначае ў сваім лісце палітвязень.

Ён паведамляе, што ў бліжэйшы час адкажа на лісты, якія чакалі яго ўвесь гэты час ізаляцыі, а таксама дзякуе ўсім за падтрымку і віншуе з усімі святамі, з якімі ў яго не было магчымасці павіншаваць сваіх сяброў.

Сваё цяпершняе становішча ён акрэслівае кароткай фразай:

“Зараз становішча стабілізавалася. Сітуацыя стала кантраляванай і прадказальнай”.

Акрамя таго, Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што на 10 гадзін раніцы 17 студзеня ў Магілёўскім абласным судзе прызначаны судовы разгляд касацыйнай скаргі Міхаіла Жамчужнага на рашэнне суда Горацкага раёна, які адмовіў яму ў задавальненні скаргі на самае першае вынесенае спагнанне.

Таксама Міхаіл Жамчужны падаў у суд Горацкага раёна скаргу на тры спагнанні ў выглядзе змяшчэння ў ШІЗА, вынесеныя яму 9, 16 і 28 жніўня 2017 года, падстаў для адмены якіх не знайшло Упраўленне Дэпартаменту выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці.

Нагадаем, што з пачатку жніўня 2017 года адміністрацыя калоніі №9 у Горках, дзе адбывае пакаранне палітвязень, пачала выносіць спагнанні Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. На пачатак снежня 2017 года было вядома пра 14 спагнанняў у выглядзе змяшчэння ў ШІЗА і ПКТ. Верагодна, да моманту пераводу ў ПКТ у пачатку студзеня колькасць спагнанняў была большай.

Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што ў сваіх тлумачальных, якія палітвязень прадстаўляў падчас атрымання спагнанняў, ён указваў на сапраўдныя прычыны адмоваў “следаваць у атрад” і патрабаваў пераводу яго ў бяспечнае месца. Пры гэтым на заявы Міхаіла Жамчужнага аб змяшчэнні ў бяспечнае месца адміністрацыя не рэагавала.

Паводле spring96.org