Міхаіл Жамчужны правёў 500 дзён у штрафным ізалятары
За апошнія два гады палітвязень Міхаіл Жамчужны, згодна з яго падлікамі, правёў больш за 16 месяцаў у штрафным ізалятары (ШІЗА), піша сайт «Віцебская вясна» са спасылкай на праваабаронцу Леаніда Свеціка, які нядаўна атрымаў ліст ад Жамчужнага.
Палітвязень, якога ўтрымліваюць у папраўчай калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць), напісаў у лісце: «Падлічыў, што за два апошнія гады сваёй адседкі правёў 500 дзён у штрафным ізалятары і здзейсніў 65 парушэнняў рэжыму». З ліста стала вядома, што 29 жніўня Жамчужны выйшаў пасля чарговага тэрміну ўтрымання ў памяшканні камернага тыпу, аднак, як мяркуе Свецік, найбліжэйшыя некалькі месяцаў палітвязень можа зноў правесці ў ШІЗА.
Жамчужны напісаў, што пасля публікацый у СМІ аб праблемах са здароўем яго агледзелі ў медыцынскай часці. Акрамя таго, для праверкі ўмоў яго ўтрымання ў калонію прыязджаў пракурор Магілёўскай вобласці. «Усё, што было напісанае ў СМІ, мела пацвярджэнне. Я пісаў тлумачэнні па кожным факце парушэнняў і чакаю адказу», – адзначыў палітвязень.
З ліста таксама вынікае, што Жамчужны падаў скаргі ва ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС і суды на шэраг спагнанняў, накладзеных на яго адміністрацыяй калоніі, і скаргу ва ўпраўленне дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС па Магілёўскай вобласці – на знішчэнне некалькіх лістоў, што не прайшлі цэнзуру.
З фактаў знішчэння адміністрацыяй калоніі некаторых лістоў палітвязня Леанід Свецік робіць выснову, што Жамчужны, «хутчэй за ўсё, не можа данесці да беларускай грамадскасці ўсе факты бесчалавечнага абыходжання з ім». Праваабаронца лічыць, што ДВП мог бы «развеяць усе падазрэнні пра ўмовы ўтрымання і стан здароўя» Жамчужнага, калі б «даў дазвол на кароткую сустрэчу палітвязня з прадстаўнікамі праваабарончай супольнасці і (або) журналістамі незалежных СМІ».
Міхаіл Жамчужны – былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Удзельнічаў у дзейнасці праваабарончай арганізацыі «Платформа», якая займалася праблемай выканання правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. Пасля ліквідацыі «Платформы» стаў сузаснавальнікам новай арганізацыі – «Платформ інавейшн».
Жамчужны быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія ўяўляюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для таемнага атрымання інфармацыі, і даванні хабару. Жамчужнага прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Жамчужнага палітычным зняволеным. Яны лічаць, што турэмны тэрмін ён атрымаў за праваабарончую дзейнасць.