„Міхаіл Жызнеўскі. Воін святла”
Фільм, створаны Міхасём Аршынскім пры падтрымцы «Белсату» распавядае пра жыццёвы шлях Міхаіла Жызнеўскага, які абараняў незалежнасць Украіны і трагічна загінуў на Майдане. Дакумент будуецца на ўспамінах і аповедах паплечнікаў, сяброў і родных Міхаіла.
[youtube id=”qjezNSasbCA”]
Міхаіл Жызнеўскі нарадзіўся ў Гомлі ў 1988-ым годзе. З юнацтва ён захапляўся гістарычнай рэканструкцыяй. Пачаў займацца фехтаваннем і стварэннем амуніцыі ў мясцовым Доме моладзі.
У 17-гадовым узросце выехаў ва Украіну. Напачатку было цяжка: не было працы, жытла, знаёмых. Пераломным момантам стаў пераезд у Белую Царкву. Услед за сябрам ён трапіў у шэрагі ўкраінскай арганізацыі УНСО.
«У яго быў талент да баёў на мячах. Талент да цялеснай сілы. Ён быў фізічна моцны і трэнаваны. Ён умеў біцца мячамі, шчытамі. Менавіта гэта было ягоным велізарным бонусам на Майдане, бо ў першых шэрагах былі хлопцы з гістарычных рэканструктараў, якія ўмелі самі рабіць амуніцыю», – распавядае адзін з паплечнікаў Міхаіла Аляксандр Паціха.
Жызнеўскі таксама быў чальцом страйкбольнай кампаніі «Griffins», дзе адпрацоўваў навыкі, неабходныя ў баі. На Майдан ён паехаў у статусе камандзіра Белацэркоўскай УНСО і быў прадстаўніком Самаабароны.
Нягледзячы на вялікі досвед у рэканструкцыі і імправізаваных баях, Міхаіл быў вельмі стрыманым і адказным чалавекам, верыў у сваю справу. Ён паходзіў са звычайнай сям’і, але адрозніваўся ад усіх не сваім паходжаннем, а ўнутранымі характарыстыкамі: быў упарты, смелы і напорысты.
Аляксандр Паціха:
«Гэта быў чалавек настрою, чалавек аднаго дня. Быў вясёлым і трохі несурʼёзным, але вельмі добрым. Каб яго абразіць трэба было вельмі пастарацца. Ён любіў і гульнуць, як усе маладыя. Калі б не распавядаў, што з Беларусі, яго б прымалі за мясцовага».
На Майдане Міхаіл прадстаўляўся Аляксеем і меў пазыўны «Локі».
«Маёр Макс»:
«Паводле спецыфікі арганізацыі, пры знаёмстве ты называеш альбопсеўданім альбо выдуманае імя. Да апошняга дня, да ягонай смерці я не ведаў, што праўдзівае імя «Локі» – Міхаіл Жызнеўскі. Не рэвалюцыя, а глабальныя змены нясуць ахвяры. На жаль, адным з першых загінуў «Локі». Ніхто не думаў, што пачнуць страляць. Міша апынуўся наперадзе… Атрымліваецца, што першая куля была яго…»
Міхаіл Жызнеўскі трагічна загінуў 22 студзеня 2014 года ад стрэлу ў сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.
Андрэй Выгоўскі, сябра Міхаіла:
«Вайна як і рэвалюцыя забірае найлепшых. Не важна, які жыццёвы шлях быў у асобы. Інтэлігентам ён быў ці сіратой, бедным ці багатым. Усё залежыць ад яго духоўнага стану. Часцей за ўсё забіраюць людзей з душой».
Пра ідэю фільму распавёў рэжысёр стужкі Міхась Аршынскі.
Якія складанасці пры працы над фільмам, чаму менавіта гэтая тэма?
– Пачалося ўсё з праекту «Маладыя пра маладых», які праходзіў у 2014 годзе ў Кіеве і Варшаве. За час майго знаходжання ў Кіеве, я сустрэўся з паплечнікаміЖызнеўскага, даведаўся пра яго шмат новага. Праз год у мяне зʼявіласямагчымасць стварыць фільм пры падтрымцы «Белсату». Ну і што сказаць, я акунуўся ў працу з галавой.
Фільм створаны шмат у чым дзякуючы ягоным сябрам. У фільме можна знайсці шмат новага. Для мяне было важна развянчаць як міфы, якія ўзніклі ў розных СМІ пасля забойства Міхаіла, так і павярхоўныя меркаванні, заснаваныя на няведанні ўсіх абставінаў, якія адбываліся ў ягоным жыцці. Вельмі шмат рэчаў засталося за кадрам. Я быў абмежаваны часам і стараўся паказаць найбольш важныя вехі ў жыцці героя. Я хацеў стварыць фільм для звычайнага гледача і выклікаць пачуццё суперажывання за простага хлопца з Беларусі.
Дзеля чаго паўстаў фільм?
– Для мяне галоўнае – шчырасць. Не важна, чые інтарэсы яна закране, але праўда надзвычай каштоўная. Мне было важна перадаць яго рэальную гісторыю. Усё ў нашым жыцці неадназначна. Наша жыццё – пастаянная барацьба супрацьлегласцяў, і мы заўсёды стаім перад выбарам, на якую дарогу звярнуць. Гэтак і гісторыя Міхаіла. Неверагодна драматычная гісторыя хлопца, які падлеткам без ведама бацькоў зʼехаў са сваім сябрам ва Украіну, меў сувязь з крыміналам, які вымушаны быў займацца «цёмнымі справамі». Гісторыя раскаяння, прыход у царкву і змена жыццёвых каштоўнасцяў і прыярытэтаў. А пасля – уступленне ва «УНА УНСО» і гераічная смерць на Майдане. Праблема бацькоў і дзяцей, сяброўства і таварыства.