Міхаіла Чамураку асудзілі да трох гадоў „хіміі” а потым затрымалі на трое сутак



Пра затрыманне актывіста з райцэнтра Дуброўна, што на Віцебшчыне, паведаміла ягоная жонка Людміла.

Але без падрабязнасцяў, бо міліцыянты адразу ўзялі з яе падпіску пра неразгалошванне, забіраючы мужа, кажа жанчына:

– Я не магу, бо дала падпіску пра неразгалошванне, нічога паведаміць. Адзінае, што магу сказаць – гэта што забралі яго на трое сутак. Паламалася машына, і ен рамантаваў машыну ў двары свякроўкі. Прыйшлі і яго забралі. У іх жа ўсё аднолькава: крымінальны артыкул 108, “падазрэнне ў здзяйсненні злачынства”. І яны натрое сутак могуць любых , каго заўгодна, браць. Пад гэтую марку яны могуць усё, што заўгодна!

Міхаіла Чамураку затрымалі на трое сутак 8-га ліпеня. А за дзень да таго дубровенскага актывіста асудзілі на тры гады “хіміі” – яго абвінавацілі ў паклёпе (артакул 188 Крымінальнага Кодэксу). Пацярпелымі прызнаныя дырэктарка аршанскай школы №3, якая ў жніўні 2020 году кіравала выбарчай камісіяй, а таксама інспектар ДАІ. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 году на адным з выбарчых участкаў Воршы назіральнікі зафіксавалі заўважнае разыходжанне паміж колькасцю выбарцаў на ўчастку і колькасцю тых, хто прагаласаваў паводле выніковага пратаколу. Інфармацыя пра гэта з’явілася ў інтэрнэце. У адказ старшыня камісіі Ала Сіняўская напісала заяву на Міхаіла Чамураку, бо палічыла, што інфармацыю распаўсюдзіў менавіта ён і яна «ілжывая». Заяву на Чамураку падаў і супрацоўнік аршанскага ДАІ Казакоў, які палічыў паклёпам звесткі пра тое, што ён браў удзел у затрыманнях людзей.

Суддзя Дубровенскага райсуду Марыя Цыклінская, апрача абмежавання волі, наклала на Міхаіла Чамураку і абавязак сплаціць кожнаму з пацярпелых па 1 000 рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск