Міхаілу Жамчужнаму пагражае тры гады турмы
Адміністрацыя папраўчай калоніі № 14 у Навасадах, дзе адбывае пакаранне праваабаронца Міхаіл Жамчужны, прыняла рашэнне накіраваць у суд матэрыялы аб змене яму рэжыму ўтрымання на турэмны на тры гады, паведамляе сайт spring96.org.
Пра рашэнне кіраўніцтва калоніі палітвязень паведаміў у лісце да праваабаронцы Таццяны Равякі. „Сёння нечакана, без усялякіх прычын мяне выклікалі на камісію з 20 чалавек і абвясцілі, што за 5 парушэнняў, мяне накіроўваюць у турму на 3 гады. Дакументы накіроўваюцца ў суд Барысаўскага раёна., — прыводзяць праваабаронцы урывак з ліста.
Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі „Платформа”. Быў затрыманы ў 2014 годзе. Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным абвяшчэнні звестак, якія складаюць службовую таямніцу і прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы касацыйную скаргу, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік, які першы ў Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.