Міхалок: Аляксандр Кулінковіч — адна з недаацэненых беларускіх зорак
„Саліст рок-гурта „Нейра Дзюбель” Аляксандр Кулінковіч з’яўляецца адной з недаацэненых беларускіх зорак”, – заявіў экс-лідар гурта „Ляпіс Трубяцкой” Сяргей Міхалок падчас выступлення на музычным фестывалі „Рок за Баброў” вечарам 4 жніўня пад Менскам. Як паведамлялася, у гэты дзень раніцай Кулінковіч памёр у рэанімацыі сталічнай бальніцы ад пнеўманіі.
„Не ведаю, па волі якога фатальнага выпадку Саша Кулінковіч не стаў хэдлайнерам усіх фестываляў на працягу дваццаці гадоў”, — сказаў Міхалок.
Паводле яго слоў, Кулінковіч „быў вельмі ранімым, рамантычным чалавекам”. Музыкант нагадаў, што апошнім часам яго калегу часта крытыкавалі за размешчаныя ў сацсетках каментары, а таксама за адмову выступіць на святкаванні 100-годдзя БНР у сакавіку. „Няхай усе тыя, хто цяпер сціраюць свае гнеўныя пасквілі і зласлівыя жарты, вытруць слёзы успамінаў. Саша з таго часу, калі яму можна было забараніць выступаць там, дзе ён хоча, але яго ніколі нельга было прымусіць выступаць там, дзе ён не хоча”, — адзначыў Міхалок.
„Гэта сапраўдны паэт. І, я думаю, як часта бывае ў нашых краях, толькі смерць раскрые ўсе грані гэтага вялікага гурта, — заявіў ён. — Калісьці мы, „Ляпісы”, ігралі на разагрэве ў „Нейра Дзюбеля” і лічылі за гонар, што нас гэтае сапраўднае панк-фармаванне пускае на свае падмосткі”.
Міхалок падзякаваў Кулінковічу за тое, што ён заставаўся верны сабе і „выпіў жыццё да дна”.
Лідар рок-гурту „Нейра Дзюбель” памёр на 47-м годзе жыцця раніцай 4 жніўня ў рэанімацыі адной з менскіх бальніц, куды быў дастаўлены напярэдадні з пнеўманіяй. 4 жніўня „Нейра Дзюбель” павінен быў выступіць на фестывалі „Рок за Баброў”. На фестывалі ўшанавалі памяць Кулінковіча хвілінай маўчання. Апошні канцэрт гурту адбыўся ў Мінску 20 ліпеня.
Фота tut.by