Міхась Ляўковіч: Няўжо няма месца для кадэцкай вучэльні акрамя як ля Сафійскага сабору



Нягледзячы на шматлікія пратэсты, не было прынята ніякага рашэння адносна будаўніцтва ў Полацку побач з Сафійскім саборам кадэцкай вучэльні. А гэта значыць, што будаўніцтва будзе працягвацца. На ўсе абуральнія лісты, якія дасылаў археолаг, даследчык Полацка Сяргей Тарасаў у розныя інстанцыі, прыйшлі бюракратычныя адпіскі.

Вядомы мастак з Віцебска Міхась Ляўковіч лічыць, што такое стаўленне да сакральнага месца Беларусі надзвычай абуральнае:

– Я лічу абразай будаўніцтва гэтай кадэцкай вучэльні там, дзе прасякнута зямля і крывёю, і потам, і духам палачан. Я разумею, што традыцыі вайсковай славы павінны ўхваляцца, ушаноўвацца, аднак ёсць святыя месцы, дзе ніякай будоўлі не павінна быць. Няма грошай на адпаведную рэстаўрацыю – тады не суньце нос, куды не трэба. У Полацку вельмі шмат вольных пляцовак.

Міхась Ляўковіч лічыць, што не трэба спыняцца, варта працягваць пратэсты і збіраць подпісы супраць пабудовы кадэцкай вучэльні побач з Сафійскім саборам.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя