Міхасю Верацілу – 80 гадоў



Беларускаму калекцыянеру, краязнаўцу, мастаку, археолагу і паэту Міхасю Верацілу 11 студзеня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння.

8-10-2009_150

Міхась Вераціла родам з вёскі Навасёлкі, што на Ваўкавышчыне. З 1955 года працаваў у вытворчым аб’яднанні „Ваўкавыскцэментнашыфер” (электрыкам, слесарам, маляром, мастаком). З 1947 года пачаў збіраць прадметы матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі (грашовыя знакі, беларускія паштовыя маркі, друкі, кафлю, рэцэпты народнай медыцыны і г.д.). Напісаў і апублікаваў шмат папулярных і навуковых артыкулаў па нумізматыцы, археалогіі, этнаграфіі. Выявіў і вывучаў старажытныя помнікі на Ваўкавышчыне: могільнік культуры шарападобных амфар, крэмнездабыўныя шахты каля мястэчка Краснасельскае, старажытнаславянскае паселішча ля Навасёлак, раннехрысціянскія могільнікі, уніяцкую драўляную царкву на могільніку ў вёсцы Калантаі. Як мастак па інтэр’ерах афармляў аб’екты культуры на Гарадзеншчыне: зона адпачынку ВА „Ваўкавыскцэментнашыфер”, Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей, кактэйль-бар у санаторыі- прафілакторыі „Пралеска”, класы „беларускі” і „англійскі” ў Краснасельскай СШ, дзе кіраваў клубам дзіцячай творчасці „Умелыя рукі”. Выканаў многія помнікі і мемарыяльныя дошкі ў Ваўкавыскім, Мастоўскім, Бераставіцкім раёнах, адрэстаўраваў шматлікія археалагічныя экспанаты для музеяў Менска, Гародні, Гудзевічаў, Ваўкавыска. Як разбяр па дрэве ўдзельнічае ў выставах з 1974 года. Друкуе вершы і апавяданні. Выдаў зборнік лірыкі „Спакуса” (Ваўкавыск, 1993).

8-10-2009_146

Цяпер Міхась Вераціла жыве ў пасёлку Краснасельскі на Ваўкавышчыне. Там ён і адсвяткуе сваё 80-годдзе.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ваўкавыскі раён

Фота з архіва Сяргея Панізьніка