Мікіта Карпаў: Затрыманні «Сумленных людзей» не перашкаджаюць назіранню



У кампаніі «Сумленныя людзі», што займаюцца назіраннем за выбарамі ў Гародні, таксама адбыліся затрыманні.

Пра гэта распавядае Мікіта Карпаў, адзін з каардынатараў кампаніі:

– Быў затрыманы каардынатар, яго завуць Пётр, з Акцябрскага Гарадзенскай вобласці. На колькі мне вядома, яго спыніў інспектар ДАІ з тым, што ў яго няма тэхагляду. Яго папрасілі прайсці разам з ім, ён спачатку адмовіўся, а потым пагадзіўся. Пасля яго затрымалі і накіравалі ў суд. Суд быў у чатыры гадзіны, дзе яму прысудзілі штраф за непадпарадкаванне ўладзе. Далей на ўваходзе яго зноў затрымалі. Цяпер ён, я так мяркую, што знаходзіцца дзесьці ў СІЗА.

Па словах Мікіты Карпава, назіранне адбываецца ў даволі цяжкіх умовах:

– Шматлікіх „выкідваюць” за межы ўчастка, за вароты. Нам дазволілі застацца ў будынку, некаторым таксама дазваляюць застацца ў будынку. Але лічым усё адно людзей. У нас усе лічаць колькасць тых, хто прыйшоў. Напрыклад, на маім участку пад нумарам 91 не сходзіцца з пратаколам у 3-4 чалавекі, што дапушчальна. Мы можам дзесьці памыляцца, кагосьці недалічыць. Вось на двух бліжэйшых – на адным участку мы заўважылі перавышэнне ў два разы, на другім участку заўважылі перавышэнне ў тры разы.

Мікіта Карпаў канстатуе, што больш за сотню гарадзенцаў сталі назіральнікамі ад кампаніі «Сумленныя людзі» ў Гародні, апроч іх на ўчастках назіраюць прадстаўнікі кампаніі  «Права выбару» і «Праваабаронцы за сумленныя выбары». Аднак большасць з іх назірае за межамі выбарчых участкаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча