Мікіта Мікада: Беларусь – гэта адзіная дзяржава ў свеце, якая выганяе інавацыі



Мікіта Мікада, сузаснавальнік кампаніі PandaDoc, супраць якой завялі палітычную справу, распавёў у Фэйсбуку, што адбылося за тры месяцы з распачынання справы, што адбываецца з ягонай кампаніяй і IT-бізнесам наогул.

„Сёння 90 дзён, як была ўзбуджаная недарэчная „справа ПандаДок” і яшчэ на адзін месяц падоўжаны тэрмін утрымання пад вартай Віктара Куўшынава.

У СІЗА Віцю пасадзілі, каб пакараць мяне за тое, што я дапамагаў супрацоўнікам сілавых структур, якія пазбавіліся працы з-за адмовы выконваць злачынныя загады. Калі ў мяне на радзіме, у Беларусі, пачалі біць і забіваць, я вырашыў прапанаваць альтэрнатыву. Да маёй ініцыятывы Віктар ніякага дачынення не меў. Аднак рэпрэсіўная машына вырашыла, што ён вінаваты проста таму, што працаваў у маёй кампаніі.

Ужо тры месяцы Віця сядзіць. Віця класны спецыяліст. Ён сумленны, разумны, і вельмі добры чалавек. Віця займаўся развіццём прадукту і не быў уцягнуты наогул ні ў якую гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства. У СІЗА на Валадарскага яму сапраўды рабіць няма чаго. Ужо тры месяцы мы робім спробы, каб яго адтуль дастаць:

1. Я спыніў дапамагаць тым, каго звольнілі сілавікам. Рашэнне было складаным. Аднак, працягваючы дапамагаць адным, я б нашкодзіў іншым. А шкодзіць я не хацеў, так і не хачу.

2. У пачатку мы былі актыўныя ў медыяполе і распавядалі, што ў нас адбываецца. Мы пачалі атрымліваць „сігналы”, што лепш гэтага не рабіць: не выступайце асабліва і будзе „ўсё добра”. Пасля змены меры стрымання іншым супрацоўнікам „Панды” я прыпыніў зносіны з журналістамі. Але Віця сядзіць… Так што, дарагія журналісты, пішыце / тэлефануйце.

3. З падачы нашых інвестараў справай PandaDoc зацікавіліся мясцовыя сенатары і кангрэсмены. Апошнія пакуль што шлюць лісты беларускаму амбасадару, выказваючы заклапочанасць тым, што адбылося. Што будзе далей, шмат у чым залежыць ад кабінета Джо Байдэна. Мы, усё-ткі, амерыканская кампанія, якую ў Беларусі жорстка кашмараць.

4. Вядома ж, на месцы працуе каманда юрыстаў. Аднак, цалкам зразумела, што „справа Пандадок” не ляжыць у прававым полі.

Пакуль што ўсё апісанае вышэй не дае вынікаў. Віця працягвае сядзець. Зусім незразумела, якую мэту перад сабой ставіць рэжым, утрымліваючы Віцю ў СІЗА, але вось чаго яны ўжо дамагліся:

А) У другой палове 2020 і 2021 мы збіраліся ўзяць у каманду каля 200 беларусаў. Цяпер наём у Беларусі замарожаны. Неверагодных беларусаў мы ўсё яшчэ шукаем, але ўжо ва Украіне, Польшчы і Партугаліі.

Б) Беларусь стала таксічнай для ІТ. Кампаніі і спецыялісты павольна, але дакладна пакідаюць краіну. Вядома, наша гісторыя толькі частка мазаікі, сабранай з гвалту, адключэння інтэрнэту, пасадкі іншых ІТшнікаў, і г .д. тым не менш, гэта частка істотная.

В). Наш інвестар ЕБРР (Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця) замарозіў фінансаванне ў беларускія дзяржпраекты. Толькі ў 2019 ЕБРР інвеставаў 390 мільёнаў еўра ў эканоміку Беларусі.

Г). Усе краіны, з якімі мяжуе Беларусь, працуюць над спрашчэннем свайго заканадаўства для прыцягнення ІТ-кампаній і спецыялістаў з РБ. Тысячы людзей з’ехалі. Дзясяткі тысяч яшчэ з’едуць.

Усе дзяржавы на гэтай планеце, акрамя Беларусі і, магчыма, Самалі, спрабуюць развіваць ІТ-сферу. Раней і Беларусь спрабавала. І нават атрымлівалася быць на перадавой. Аднак, Беларусь сёння — гэта адзіная краіна ў свеце, якая актыўна гоніць інавацыі вон.

Трымайся Віця! Хутка гэты недарэчны кашмар скончыцца”.

Яшчэ 2 верасня чатыры супрацоўнікі PandaDoc былі арыштаваныя на два месяцы па падазрэнні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры (107 тысяч беларускіх рублёў) з бюджэту, нагадвае TUT.BY. 11 верасня ўсім чацвярым было прад’яўленае абвінавачванне ў махлярстве, здзейсненым арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры (ч.4 арт. 209 КК). На думку абароны, невінаватасць супрацоўнікаў PandaDoc пацвярджаецца юрыдычнай экспертызай аўтарытэтнай кампаніі „Алейнікаў і партнёры” і аўдытарскім заключэннем кампаніі „Бэйкер Цілі Бел”. Справу расследуюць у цэнтральным апараце Следчага камітэта.

За гэтыя месяцы з СІЗА выйшлі трое ўдзельнікаў гэтай справы: галоўны бухгалтар кампаніі Юлія Шардыка, HR Уладзіслаў Міхалап і дырэктар мінскага офіса кампаніі Дзмітрый Рабцэвіч, які быў сярод удзельнікаў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ. Ім абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе — пад вартай па-ранейшаму застаецца толькі менеджэр па прадукту Віктар Куўшынаў. Ягоная жонка была вымушаная з’ехаць ва Украіну з сынам.

Сузаснавальнік PandaDoc Мікіта Мікада раней адкрыта выказваў меркаванне аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне, у прыватнасці прапаноўваў варыянты дапамогі, у тым ліку матэрыяльнай, сілавікам, якія звольніліся з праваахоўных органаў. Аднак з-за арышту супрацоўнікаў ён прыняў рашэнне спыніць праект. У далейшым ініцыятыву падтрымкі сілавікоў працягнуў фонд салідарнасці BYSOL.

novychas.by