Мікіта Мікада спыняе праект дапамогі сілавікам, якія звольніліся са службы



Стваральнік і кіраўнік IT-кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада спыняе праект дапамогі сілавікам, якія звольніліся са службы на знак падтрымкі мірных пераменаў. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі.

У рамках праекта Protect Belarus міліцыянтам прапаноўвалі юрыдычную і фінансавую дапамогу, а таксама аплату курсаў перакваліфікацыі. Мікада прызнаецца, што на такое рашэнне паўплываў удар па яго кампаніі: беларускія ўлады арыштавалі чатырох супрацоўнікаў і замарозілі рахункі фірмы, так што супрацоўнікі не змаглі атрымаць заробак. «Я падазраваў, што ёсць небяспека для мяне асабіста. Ёсць небяспека для майго бізнесу. Але я не мог сабе ўявіць, што мае супрацоўнікі апынуцца ў небяспецы», – тлумачыць бізнесовец. Сілавікам, якія вырашылі звольніцца з органаў, ён рэкамендуе звяртацца ў іншыя праекты.

Як паведамлялася раней, у Менску былі затрыманыя чатыры супрацоўнікі PandaDoc: бухгалтар Юлія Шардыка, дырэктар Дзмітрый Рабцэвіч, менеджар па прадукце Віктар Куўшынаў і дырэктар па HR Уладзіслаў Міхалап. Спярша іх абвінавацілі ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры, а потым артыкул змянілі на махлярства.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота:  dev.by