Мікіта Семяненка: Выбары зноў заваленыя “жанчынамі з начосамі”!
Палова агітацыйных матэрыялаў са стэндаў у 34-й Кунцаўскай выбарчай акрузе сталіцы, дзе балатуецца 22-гадовы кандыдат ад руху “За Свабоду!” Мікіта Семяненка, сарваныя. У аднаго з 10-ці наймаладзейшых кандыдатаў сістэматычна зрываюцца выбарчыя ўлёткі.
РР: Мікіта, Вас зарэгістравалі са скандалам. Калі гарадскі выбаркам вымушаны быў прызнаць “памылку” Фрунзенскага райвыбаркама, які “адарыў” 18-метровай аднапакаёвай кватэрай, што, нібы, ”утойвалі” ад грамадскасці. Як зараз ацэньваеце хаду мясцовай выбарчай кампаніі ў краіне?
Мікіта Семяненка: У сувязі з вышэй сказаным, я адразу быў пазбаўлены тыдня ў параўнанні з “праўладнымі”, каб пачаць сустракацца з выбаршчыкамі, вывучаць іх праблемы. Бо – вымушана займаўся папяровай валакітай з “адказамі” невядома пра што. Увогуле, чарговым разам кампанія дзяржавай непадрыхтаваная і камісіі некампетэнтныя. Наш рух вылучаў у камісіі пару дзясяткаў адукаваных людзей – у тым ліку, юрыдычна – ведаючых выбарчы кодэкс. Але ніхто не быў уключаны, бо, маўляў, “недастаткова досведу”. Месцы ў камісіях апанавалі славутыя “жанчыны з начосамі”, якія не разбіраюцца ў нюансах выбарчых дакументаў, не могуць адрозніць “пікет” ад выбарчага стэнда. Да прыкладу, старшыня выбарчай камісіі ў Фрунзенскім раёне – знаўца “нюансаў” Жыголкіна Зінаіда Уладзіміраўна з 2002 году сумяшчае выбарчую працу з працай загадчыцы крамы па рамонту абутку. Яны ўсе не могуць адказаць на мае прамыя пытанні і сістэматычна тэлефануюць наверх, каб дазнацца што са мной рабіць…
РР: А што наконт працы з людзьмі ды іх успрыманнем сітуацыі?
Мікіта Семяненка: Што да тых жа стэндаў – дождж і снег перашкаджаюць мінакам чытаць перадвыбарчыя тэксты, тым больш, і пры сонцы яны былі б сумныя. Калі ідзе пералік чыноўніцкіх пасад кандыдатаў і падзяк на ўзроўні адміністрацыі прэзідэнта. Вядома ж, і я не да спадобы людзям, што належаць да нейкай дробнай наменклатуры.
РР: Якімі ідэямі-прапановамі спрабуеце прывабіць будучых выбаршчыкаў?
Мікіта Семяненка: Хто не чуў пра праблему пабораў у школах, калі вучняў ды іх бацькоў прымушаюць збіраць грошы на нейкія жалюзі, дзверы, тэлевізары, крэслы для дырэктарата?! Грошы людзі здаюць, а ў рэчаіснасці нічога не з’яўляецца. Хоць за мяне падпісваліся настаўнікі і ўрачы Кунцаўшчыны пасля таго, як узняў праблему “дабраахвотнай” падпіскі рублёў па 50 штогод на непрывабныя афіцыйныя газеты і часопісы, што пасля ніхто не чытае. Альбо вымушана хадзіць на падобныя фальшывыя мерапрыемствы для адмывання некаму грошай. А яшчэ асабіста баліць праблема зніжэння мясцовых падаткаў – сам індывідуальны прадпрымальнік. Яны зніжаюць перспектывы развіцця бізнеса, непарушнасць прыватнай уласнасці. Альбо, пасля нібы прыпыненага дэкрэта аб дармаедах, прыдумалі дэкрэт № 1, што прымушае беспрацоўных аплачваць (!) цалкам медыцынскія, адукацыйныя паслугі, не мець роўнага доступу да тых, да якіх маюць усе.
РР: Вы намеснік дырэктара па маркетынгу адной з прыватных менскіх фірм. Не баіцеся, што ваша апазіцыйная актыўнасць можа прывесці да страты працы?
Мікіта Семяненка: Абсурдна чагосьці такога баяцца. Тым больш, адразу прыцягну ўвагу медыяў. Але ўпэўнены, улада “нажэрлася” скандаламі са мной. І, урэшце, на прыватным прадпрыемстве заўсёды прасцей, бо там няма ідэалагічнага кабінета, які цісне на сваіх супрацоўнікаў.
Даведка. У 2014 годзе быў адлічаны з афіцыйнага Інстытута журналістыкі “за акадэмічную непаспяховасць”. Аж пасля назірання за парламенцкімі выбарамі ў Грузіі. Дазвол на два тыдні адсутнасці на занятках даў дэкан, які – дазвол – пасля прыезду ў дэканаце ж і знік. Пасля па праграме Каліноўскага вывучаў “сувязі з грамадскасцю” ў Польшчы, папярэдне за паўтара месяца засвоіўшы мову. І, урэшце, узяў удзел у адукацыйнай стыпендыяльнай праграме “Эразмус” у Гішпаніі, дзе вывучаў паліталогію і публічную адміністрацыю. У ініцыятыўнай групе Мікіты Семяненкі асобы розных прафесій ды ўзростаў – ад 20 да 55 год. З імі ён марыць абысці сотні кватэр выбарцаў акругі, дзе пражывае 24 тысячы чалавек.
Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск