Мікола Бянько: Радыё ў 21-ым стагоддзі – гэта вельмі сур’ёзна, гэта мае будучыню
У Любліне завяршыўся 41-ы Міжнародны фестываль майстроў радыёрэпартажу.
Беларускае Радыё Рацыя ўпершыню ўдзельнічала ў гэтым прадстаўнічым міжнародным форуме, дзе былі прадстаўленыя рэпарцёры з некалькіх кантынентаў.
На Форуме быў Мікола Бянько – журналіст нашага Радыё Рацыя.
РР: Якія ўражанні? Для нас гэта новы досвед, ці нешта падобнае ў Беларусі ёсць?
Мікола Бянько: Гэты Форум 41-ы па ліку. Сёлета ён праходзіў у цудоўным польскім горадзе Люблін. Прадстаўнічасць на канферэнцыі была вельмі салідная. Апрача Заходняй Еўропы і ЗША прысутнічалі журналісты з такіх краін, як Калумбія, Непал, Індыя. Кітай. Беларусь і Беларускае Радыё Рацыя былі ўпершыню прадстаўленыя на гэтым Форуме, зрэшты, як і Украіна. Выдатнае мерапрыемства, мы атрымалі шмат разнастайных ідэяў, як можна ўдасканальваць сваю працу. Радыё ў 21-ым стагоддзі – гэта вельмі сур’ёзна, гэта мае будучыню. І тыя, хто паспяшаліся пахаваць радыё ў звязку з Інтэрнэт-рэвалюцыяй, яны памыляюцца.
РР: Свет ідзе наперад, усе імкнуцца як мага хутчэй перадаць інфармацыю. Сацыяльныя сеткі выціскаюць традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі. На гэтай канферэнцыі гаварылі пра перадачу інфармацыі ці пра нейкія іншыя жанры, якіх не сустэрнеш нідзе?
Мікола Бянько: Беларускае Радыё Рацыя вызначаецца тым, што яе журналісты працуюць у тым ліку ў такім складаным жанры, як радыёрэпартаж. Справа ў тым, што вельмі багата ў Беларусі розных радыёстанцый FM-дыяпазону, але звычайна яны працуюць на забаўляльным кантэнце нізкага зместу, часта нецікавага – усё там паўтараецца. Слухаць радыё ў Беларусі немагчыма, па вялікім рахунку. Многія слухачы, думаю, пагадзяцца: радыё ў Беларусі ператварылася ў шум, які рэтранслюе малаякасную расейскую поп-музыку. І менавіта тое, што на Радыё Рацыя мы робім радыёрапартажы, гэта дазваляе нам адчуць сябе ў эліце сусветнай касты радыёжурналістаў.
РР. Два рэпартажы ад Беларускага Радыё Рацыя былі накіраваныя на конкурс. МІкола Бянько – адзін з аўтараў рэпартажу.
Мікола Бянько: Але на канферэнцыі гучаў адзін рэпартаж Беларускага Радыё Рацыя аўтарства Іны Хоміч. Ён быў адабраны кампетэнтным журы. Рэпартаж быў прысвечаны жыццю на мяжы. Мяжа ў рэпартажы інтэрпрэтавалася як філасофская з’ява, не толькі «кардон» паміж Польшчай і Беларуссю. Мяжа – экзістанцыйны панятак – мяжа памі цвярозасцю і п’янствам, паміж жыццём і смерцю, паміж сумленнем і разнастайнымі выбрыкамі, якія характэрныя для людзей маргіналізаваных. Беларускі рэпартаж, які падрыхтавала Іна Хоміч, вельмі зацікавіў аўдыторыю, якая з захапленнем выказвалася пра аўтэнтыку. Беларусь вельмі цікавая для Заходняга свету менавіта тым, што мы маем свой непаўторны вобраз. Адна з гераіняў рэпартажу Іны Хоміч, бабця Маня 100-гадовага ўзросту размаўляла па-беларуску, распавядала пра сваё жыццё, вельмі ўразіла людзей.
Я хачу распавесці, як выглядала праслухоўванне рэпартажаў, якія гучалі на розных мовах – нарвежскай, чэшскай, шведскай, нямецкай, ангельскай… Уявіце сабе агромністы кінатэатр. Ёсць некалькі сотняў людзей, якія трымаць у руках скрыпты – тэксты, распісаныя на ангельскай мове. Калі слухаеш рэпартаж, напрыкад на нарвежскай мове, то спачатку дзіўнавата, але потым ты пагружаешся ў мелодыку гэтай мовы, чытаеш ангельскі тэкст і слухаеш журналіста – аповед, які ён падрыхтаваў на пэўную тэму. Рэпартаж — гэта вельмі складана, але і вельмі цікава, гэта тое, што дапаможа радыё вярнуць другое жыццё.
Мы з Юляй Сівец прадставілі на канферэнцыю матэрыял на тэму смяротнага пакарання. На тэму, якая ў беларускім грамадстве балюча адгукаецца ў асяроддзі шматлікіх катэгорыяў – гэта і праваабаронцы, і звычайныя людзі, і ўлады. Кожны па-свойму бачыць гэтую праблему. Для беларукай улады смяротнае пакаранне – гэта магчымасць атрымаць дадатковую падтрымку з боку грамадства, у нейкай ступені – папулізм. Улады выкарыстоўваюць праблему смяротнага пакарання для таго, каб узняць рэйтынг. Для беларускага грамадства тэма смяротнага пакарання разумеецца ў тым рэчышчы, што забойца мусіць быць пакараны. Але мы часта забываем пра судовыя памылкі і пра тое, што, калі дзяржава выносіць смяротны вырак, то яна нічым не адрозніваецца ад таго ж забойцы, які нанёс 102 нажавыя раненні дзяўчыне з Гомеля – пра гэта і было ў нашай праграме. І яшчэ адзін аспект – гэта праваабаронцы, якія займаюцца часта няўдзячнай справай – у нашым беларускім грамадстве спрабуюць давесці, што любое жыццё, нават жыццё злачынцы мае каштоўнасць. .
РР. На Форуме вы мелі магчымасці павучыцца…
Мікола Бянько: Так, штодня мы слухалі ў сярэднім па 9 рэпартажаў нашых калегаў, вельмі тытулаваных супрацоўнікаў Бі-Бі-Сі, альбо Радыё Аўстрыя, альбо ўкраінскіх калегаў, альбо грузінскіх калегаў. І кожны ўздымаў сваю актуальную праблему. Мяне вельмі ўразіла работа шведскага рэпарцёра, які ў вельмі небанальнай форме паказаў, што з талерантнасцю ў Швецыі не ўсё так проста, як нам падаецца. Ёсць стэрэатып, што любы чалавек з іншай краіны ў Швецыі лёгка адаптуецца, але гэта не так. У матэрыяле, які называўся „Чорная Лючыя”, распавядалася пра цкаванне дзяўчынкі-мігранткі з Індыі, якая пасмела спяваць у калядным хоры. Удзел чарнявай дзяўчынкі ў тэлевізійным шоў узарваў Швецыю — за некалькі гадзінаў на сайце, дзе трансляваўся выступ хора, грамадзяне Швецыі пакінулі каля 4 тысячаў каментароў. Многія з паведамленняў мелі адкрыта расісцкі змест. Журналіст у рэпартажы „Чорная Лючыя” даў слова некаторым каментатарам, каб яны патлумачылі, што іх матывавала абразліва выказвацца на адрас дзяўчынкі. Пасля праслухоўвання гэтага рэпартажу „цынічныя” і таўстаскурыя журналісты выходзілі з залі са слязьмі на вачах.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя