Мікола Чарнавус: „Чыноўнікі – злодзеі!”
Прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікола Чарнавус з Баранавіч працягвае змагацца з дзяржаўным казнакрадствам. Ён правёў адзіночны паўтарагадзінны пікет у старым парку горада. У дазволеным уладамі месцы. Пікет актывіст не замаўляў. Ён добра ведае на практыцы, што дазволу не атрымае.
Мэта пікету адлюстравана ў плакаце, які трымаў прадпрымальнік. Кажа Мікола Чарнавус:
– На плакаце было напісана: “Чыноўнікі – злодзеі. Ваш дом – турма”. Разбэсціліся, грабуць хто колькі можа, нічога не баяцца , спадзяюцца на Лукашэнку, што калі нават і трапяць у турму, ён іх вызваліць.
Паводле Чарнавуса, пікет прайшоў без эксцэсаў. У працоўны час пры неспрыяльным надвор’і і ў малалюдным месцы пікет мала хто ўбачыў. Тым не менш тэма карупцыі вострая і актуальная. І Мікола Чарнавус і надалей будзе пра яе гаварыць.
Беларускае Радыё Рацыя