Міколу Чарнавуса спрабуюць выселіць з рынка



Вынікам барацьбы баранавіцкага прадпрымальніка Міколы Чарнавуса за добраўпарадкаванне рынка стала пагроза яго высялення з гандлёвай кропкі. Чарнавус даведаўся, што загадана за снежань яму не налічваць платы за арэнду гандлёвага месца. Яшчэ раней ён атрымаў ліст з раённага спажывецкага таварыства, каб ён вынес свой ралет за межы рынка, інакш гэта будзе зроблена прымусова за кошт прадпрымальніка, кажа Мікола Чарнавус:

– Хачу сказаць, што РАЙПО не можа выбіць з прадпрымальнікаў мільярд запазычанасці па арэнднай плаце. І яшчэ яны не хочуць з Чарнавуса браць грошы. Самі банкроты, а грошы мае ім не патрэбны. Яны падлічылі, што Чарнавуса толькі так можна выгнаць з рынка. Калі ён не заплаціць арэндную плату, яны тады змогуць звярнуцца ў суд.

Мікола Чарнавус мае дамову са спажывецкім таварыствам на арэнду месца на рынку да 16 траўня 2016 года. Прадпрымальнік успрымае гэта як пераслед за яго прынцыповую пазіцыю.

* * *

Прадпрымальнік з Баранавіч Мікола Чарнавус паўторна накіраваў пісьмо да кіраўніка краіны. Яго не задаволіў адказ з Баранавіцкіх структур – райвыканкама і раённага спажывецкага таварыства, у якім напісана, што на рынку ўсё добра. Месяц таму Чарнавус накіраваў да прэзідэнта скаргу, у якой паведаміў аб нездавальняючым стане рынка і знікненні грошай, выдзеленых на ўпарадкаванне яго тэрыторыі яшчэ ў 2011 годзе. Яго скарга кіраўніку краіны была перанакіраваная ў мясцовыя органы ўлады, кажа Чарнавус:

– На ўсе мае пытанні нікто канкрэтна не адказаў. Нумарацыя гандлёвых месцаў на рынку не змянілася. Для шкла, поліэтылену і паперы кантэйнераў не існуе. Далі адказ, што на перспектыву не плануецца каштарысная дакументацыя на ліўневую каналізацыю. Аднак раней грошы на гэта выдаткоўваліся.

Паводле Чарнавуса, ужо ёсць ахвяра такой безгаспадарчасці. Наведвальніца рынку правалілася ў адкрыты дырэктарам рынка люк каналізацыі пад час дажджу, атрымала траўмы.

Беларускае Радыё Рацыя