Мікола Чарнавус (малодшы): Міліцыя парушыла закон



Грамадскія актывісты бацька і сын Міколы Чарнавусы з Баранавіч для праваахоўных органаў з’яўляюцца адным цэлым.

Па заведзенай на Чарнавуса (старэйшага) крымінальнай справе за заведама ілжывае данясенне ў міліцыю аб адзначэнні дня народзінаў у райвыканкаме ў працоўны час з ужываннем спіртнога, вобшук рабілі як у бацькі, так і ў сына Чарнавусаў. У сына канфіскавалі аргтэхніку.

На іх асобныя скаргі ў Міністэрства ўнутраных спраў і Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь атрыманы адзін адказ з Берасцейскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў.

У адказе паведамляецца, што да міліцыянтаў гарадскога аддзела ўнутраных спраў, якія забіралі для вобшуку з месца працы Міколу Чарнавуса (старэйшага) прыменены дысцыплінарныя спагнанні. Яны не прадставіліся і не назвалі мэты вобшуку, які, па дакументах, іменаваўся аглядам, кажа Мікола Чарнавус (малодшы):

– Па  другому моманту, што у мяне забрана аргтэхніка, напісалі, што “парушэнняў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў не выяўлена”. Але я лічу, што супрацоўнікі праваахоўных органаў парушылі закон. У іх была выпісана пастанова на агляд памяшкання ў Чарнавуса Мікалая Дзмітрыевіча. А я – Чарнавус Мікалай Мікалаевіч. Мы хоць і радня, але розныя людзі.

Паводле Міколы Чарнавуса, міліцыянты сілай уламіліся ў яго кватэру з вобшукам, хаця супраць яго ніякай пастановы не было. Такі незадавальняючы яго адказ упраўлення ўнутраных спраў Мікола (малодшы) будзе абскарджваць.

Беларускае Радыё Рацыя