Мікола Дзядок адмовіўся ад працы ў калоніі



Палітвязень актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок адмовіўся ад працы ў Горацкай калоніі, дзе адбывае пакаранне, паведамляюць ягоныя сябры.

Паводле яго слоў, гэта здарылася 10 сакавіка на знак пратэсту супраць пазбаўлення яго перапіскі і пагроз у адносінах да тых асуджаных, якія з ім маюць зносіны.

Цэнзурай было знішчана больш за 30 лістоў. У актах указвалася, што яны „ўтрымліваюць сімволіку”, „ушчамляюць інтарэсы дзяржаўных арганізацый і асобных грамадзян”.

Міколу прысудзілі пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Паводле абвінавачання, з 4 жніўня па 1 лістапада 2020 года ён у сваім тэлеграм-канале распаўсюдзіў матэрыялы з заклікамі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. 23 жніўня 2020 года на несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Менску ён выходзіў на праезную частку, выкрыкваў лозунгі, блакаваў дарогу; вырабіў і захоўваў бутэлькі са сумессю бензіну і мінеральнага алею. Мікалай не прызнаў віну ні па адным з артыкулаў.

Дзядка затрымалі на здымнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна ў лістападзе 2020 года. Пры ператрусе знайшлі шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Пры затрыманні яго збілі, што было пацверджана экспертызай.