Мікола Дзядок: Сістэма існуе для таго, каб прэсаваць



Былы палітвязень Мікола Дзядок распавёў, ці лягчэй стане жыць у калоніі праваабаронцу Міхаілу Жамчужнаму пасля наведвання яго сябрамі назіральных камісій.

Стала вядома, што 13 сакавіка ў калонію да палітвязня Міхаіла Жамчужнага наведаюцца Рэспубліканская і Магілёўская абласная назіральныя камісіі.

Праблемы ў Міхаіла пачаліся пасля пераводу ў Горацкую калонію, дзе для яго былі створаны невыносныя па сваёй жорсткасці, зневажальныя ўмовы адбыцця пакарання.

РР: Ці могуць гэтыя камісіі вырашыць праблемы, якія зараз у Жамчужнага?

Мікола Дзядок: Усё залежыць ад таго, якіх людзей убачым у камісіях, і наколькі яны будуць прынцыповыя. Зрэшты, я не магу дакладна сказаць пра сэнс працы гэтых камісій, бо за перыяд маёй адсідкі да мяне такія ніколі не прыязджалі. Але, як мне падаецца, калі там будуць прынцыповыя людзі, якія змогуць жорстка паразмаўляць з начальствам калоніі, хадзіць туды, куды захочуць, а не куды ім дазволяць, то вынік будзе. Можна даведацца пра вельмі сур’ёзныя моманты і потым падняць іх на заканадаўчым узроўні і, натуральна, у прэсе.

РР: Ці ёсць нейкія спадзяванні, што сітуацыя можа змяніцца пасля наведвання Жамчужнага сябрамі камісій?

Мікола Дзядок: Спадзяванні ёсць, калі атрымаецца дастаткова націснуць на начальства калоніі, і асабліва на кіраўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў. Калі будзе палітычнае рашэнне спыніць прэсінг, то будзем лічыць, што плён быў ад гэтых візітаў. А вось, ці можна яго дабіцца шляхам такіх візітаў, – для мяне пытанне адкрытае.

РР: На ваш погляд, навошта Жамчужнага так доўга прэсуюць у калоніі?

Мікола Дзядок: Для таго ж, для чаго прэсуюць і ўсіх астатніх нязгодных. Не думаю, што тут ёсць асаблівыя прычыны ці яго прымушаюць напісаць прашэнне аб памілаванні. Проста ламаюць „у планавым парадку”, лічаць што пазбавіць волі недастаткова, таму трэба яшчэ пазбавіць годнасці, здароўя, сацыяльных сувязяў і гэдак далей. Сістэма для таго і існуе, каб прэсаваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя