Мікола Качурэц атрымае новы сцяг ад symbal.by узамен знішчанага міліцыяй
Жыхару Віцебска Міколу Качурцу ўдалося давесці, што віцебскія міліцыянты двойчы парушылі заканадаўства, калі летась 25 сакавіка адабралі і знішчылі ягоны белы-чырвона-белы сцяг. Суд Першамайскага раёну пастанавіў выплаціць кампенсацыю за знішчаную маёмасць. Але суддзя Алена Савіцкая ацаніла сцяг усяго толькі ў 8 рублёў 30 капеек, хаця Мікола Качурэц прадставіў суду прайс інтэрнэт-крамы Symbal.by, дзе бел-чырвона-белы сцяг падобнага памеру каштуе 20 рублёў.
Павел Белавус, стваральнік крамы symbal.by, уражаны гісторыяй змагання віцябляніна за нацыянальны сцяг і свае правы, паабяцаў Міколу Качурцу новы сцяг, прычым абсалютна бясплатна. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Спадар Белавус паведаміў Беларускаму Радыё Рацыя, што “Арт-Сядзіба” ўжо звязалася з Міколам Качурцом, што той зараз адпачывае ў прафілакторыі, і па вяртанні ў Віцебск будзе вырашана, якім чынам перадаць сцяг новаму ўладальніку.
У падобную сітуацыю, калі міліцыя віцебская міліцыя незаконна знішчыла нацыянальны сімвал, трапіў і жыхар Віцебска Андрусь Кешанюк. За адзначэнне 100-годдзя БНР пад бел-чырвона-белым сцягам ён таксама быў затрыманы і аштрафаваны, і таксама спрабаваў аспрэчыць судовую пастанову, дайшоўшы да Вярхоўнага суду. Адтуль адказалі, што забраны ў віцябляніна сцяг трэба вярнуць, бо канфіскацыя атрыбутаў пікетавання не прадугледжана артыкулам 23.34 КаАП, паводле якога пакаралі Андруся Кешэнюка. Аднак высветлілася, што сцяг быў знішчаны супрацоўнікамі Першамайскага РАУС. Кіраўнік райаддзела Аляксандр Чарняўскі прынёс Андрусю Кешэнюку прабачэнні за незаконныя дзеянні сваіх падначаленых, хаця матэрыяльнай кампенсацыі не прапанаваў.