Мікола Папека дома ў вёсцы Лінова
Пра гэта паведамілі ягоныя сябры.
Сам паэт і пчаляр кажа, што з ізалятара Ленінскага РАУС Берасця выпусцілі яго ў 10:10 раніцы і пацвярджае інфармацыю пра тое, што 72 гадзіны ўтрымліваўся там як падазраваны па крымінальнай справе:
– Я быў у статусе падазраванага па той справе, калі першы раз выкарыстоўвалі вадамёт супраць дэманстрантаў… Пераважная колькасць дакументаў напісана па-беларуску. Я ўсё ж такі гэтага дамогся. Я нават дамогся таго, што бачыў перакладчыка перад сабой з дзяржаўнага ўніверсітэта. Наколькі ён можа быць перакладчыкам не ведаю, ён выкладчык. Бясспрэчна, перакладчык павінен мець ліцэнзію для таго, каб перакладаць з адной мовы на другую і займацца гэтым. Аказалася, перакладчыка знайсці ў Берасці вялікая складанасць.
Міколу Папеку затрымалі 30 лістапада дома ў вёсцы Лінова Пружанскага раёна. Ад пачатку праваабаронцам стала вядома што ў межах крымінальнай справы, але па якім артыкуле і за які эпізод да апошняга часу дакладнай інфармацыі ў іх не было. Дакладную інфармацыю, што гэта «вадамётная» справа, паведаміў ужо сам Мікола Папека і дадаў, што не сведчыў супраць сябе на допыце.
Беларускае Радыё Рацыя