Мікола Папека: Двухмоўе пры такіх адносінах – гэта адкрытая дыскрымінацыяй



Шэраг высокапастаўленых асобаў: старшыня Берасцейскага раённага суда Сяргей Маручак, следчы па асабліва важных справах упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Сяргей Латышэвіч, намеснік пракурора па Берасцейскай вобласці Даніла Дзярабін і шэраг іншых адмовілі паэту-пчаляру з Пружаншчыны Міколу Папеку ў вядзенні крымінальнай справы на беларускай мове.

Мікола Папека лічыць такое стаўленне да мовы тытульнай нацыі дыскрымінацыяй і недапушчальнай з’явай у праўладных калідорах:

– Парушаюць пяты пункт Закона аб мовах. Яны павінны адказаць на той мове, на якой напісана. Я пра гэта напісаў у пракуратуру пракурору Точку. Ён мяне нават у адказе пачаў вучыць і растлумачваць, што я няправільна разумею Закон аб мовах.

Сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі кажа, што вышэйзгаданыя дзяржаўныя службоўцы парушылі не толькі Закон аб мовах, але і шэраг іншых.

Напрыклад, следчыя і судовыя дакументы павінны весціся на мове, якой валодае асоба, датычная да справы:

– У дадзенай справе мы бачым, што спадар Папека імкнецца рэалізаваць сваё права грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, гарантаванае яму Канстытуцыяй і заканадаўствам, і таксама замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Паводле Міколы Папекі, двухмоўе пры такіх адносінах – гэта шлях да вынішчэння беларускай мовы з боку чыноўнікаў. Яны дэманструюць сваю ляноту, неадукаванасць і некультурнасць у адносінах да мовы тытульнай нацыі.

Больш падрабязна пра вайну паэта за родную мову з дзяржаўнымі службоўцамі запрашаем паслухаць  14 траўня ў 19.30 па беларускім часе, па польскім – на гадзіну раней.

Беларускае Радыё Рацыя