Мікола Папека: Там не было ніякіх арганізаваных дзеянняў і арганізатараў



Паэту-пчаляру Міколу Папеку па так званай «справе карагоду» змянілі статус з падазраванага на абвінавачанага.

Пра гэта яму паведамілі ў Следчым камітэце Ленінскага раёна Берасця.

– Гэта артыкул 30.42 частка першая. Па гэтым артыкуле караюць арганізатараў масавых мерапрыемстваў, у гэтым выпадку – за перакрыццё дарогі. Там не было ніякай арганізаванай дзейнасці, там не было арганізатараў, хіба што правакатары з боку ўлады.

Дакументы былі па-расейску, таму Мікола Папека запатрабаваў іх перакладу.

– Яны мне сунулі паперы па-расейску, я напісаў, што гэтую мову не разумею. І таму падпісваць іх не буду. Або няхай шукаюць перакладчыка, або пішуць з дапамогай гугла. Яны даказваюць, што я ведаю рускую мову. Але закон абавязвае іх ведаць беларускую мову. А я ведаю, што яны не ведаюць беларускую мову. Гэта іхнія праблемы. Бо такіх неадукаваных людзей бяруць у Міністэрсва ўнутраных спраў.

Пераслед Міколы Папекі з’яўляецца часткай судоў па так званай “справе карагоду”. 13 верасня мінулага года пасля таго, як грамадзянам перакрылі доступ на плошчу Леніна ў Берасці, на скрыжаванні вуліц яны зладзілі карагод, таньчылі і спявалі. Праваахоўнікі разагналі пратэстовую акцыю пры дапамозе вадамёта. Абвінавачаных у справе некалькі дзясяткаў. Дзяржаўныя абвінаваўцы ў судах патрабуюць да ўдзельнікаў карагода ад паўтара да двух гадоў так званай “хіміі”.

Беларускае Радыё Рацыя