Мікола Папека: Усе нашыя хадайніцтвы ў судзе ігнаруюцца



У Берасцейскім раённым судзе ідзе разгляд справы, якую назвалі ў народзе “карагоднай”.  Судзяць чацвёртую групу. Фігуранты справы хадайнічалі за трох падсудных, якія былі пад арыштам, а на працэсе знаходзяцца ў клетцы.

Але хадайніцтва было адхілена, абураецца адзін з фігурантаў справы паэт-пчаляр Мікола Папека:

– Ільяхін Раман хворы на эпілепсію, інвалід. Яму бясспрэчна патрэбны лекі і хатні дагляд. І мы пісалі хадайніцтва, каб іх выпусцілі, пісалі, што гэта ціск на нас псіхалагічны і фізічны, таму што тыя самыя падсудныя за тыя самыя ўчынкі адныя на волі, другія сядзяць.

Міколу Папеку адмовілі ў вядзенні яго справы на беларускай мове, не задаволілі таксама хадайніцтва аб прысутнасці перакладчыка.

Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сержука Русецкага, адбываецца грубае парушэнне права чалавека на роўнасць перад законам. Калі зачытваецца агульнае абвінавачванне на 12 чалавек, то чаму тры фігуранты пад арыштам?

– Суд праігнараваў хадайніцтвы падсудных, фактычна руйнуючы іхняе права на роўнасць перад законам і права на справядлівы незалежны суд.

Суддзя ідзе на парушэнне закону толькі па адной прычыне. Яго рашэнне не будзе адмененае, як паказвае практыка ў вышэйстаячых інстанцыях, асабліва ў святле апошніх падзей, лічыць праваабаронца.

Беларускае Радыё Рацыя