Мікола Папека змагаецца за беларускую мову



Паэт-пчаляр з Пружаншчыны Мікола Папека не пагадзіўся знаёміцца са сваёй крымінальнай  справай, напісанай на расейскай мове.

Папека з самага пачатку патрабаваў, каб справа вялася на беларускай мове. З цяжкасцю следчыя пагаджаліся на гэта, але ў выніку справа ўсё роўна аказалася на расейскай мове. Закон аб дзвюх дзяржаўных мовах не працуе, – кажа Мікола Папека:

– Закон абавязвае ведаць беларускую мову ў дастатковым  аб’ёме, каб  кантактаваць з тымі людзьмі, якія патрабуюць, каб мова функцыянавала. Я праходжу па так званай “карагоднай справе” ў Берасці. З самага пачатку я пачаў патрабаваць, каб усе дакументы былі па-беларуску, з цяжкасцю дамагаўся гэтага.  Але мне вырашылі  ўручыць справу для азнаямлення на расейскай мове. Вядома, я ад гэтага адмовіўся. Цікава, як  растлумачаць начальнікі, калі яны мне адмовяць у законнасці азнаёміцца са справай на беларускай мове.

Паэта-пчаляра Міколу Папеку абвінавачваюць ва ўдзеле ў вулічнай акцыі 13 верасня ў Берасці. Калі людзі спявалі і танчылі на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Шаўчэнкі. Ніякай шкоды не нанесена. Людзей вылічваюць па камерах відэаназірання. Ужо асуджаныя на розныя тэрміны зняволення і пакараныя вялікімі штрафамі першыя два дзясяткі ўдзельнікаў. Мікола Папека ідзе ў чацвёртай дзясятцы.

Беларускае Радыё Рацыя