З залы суда Міколу Саляніка забралі людзі ў чорным (абноўлена)



На раніцу 22 студзеня было невядомае месцазнаходжанне Міколы Саляніка. Імаверна зараз ён знаходзіцца ў РАУС Ленінскага раёну.

Нагадаем, што 21 студзеня ў Гарадзенскім Абласным судзе адбыўся разгляд скаргі Мікалая Саляніка, якога суд Кастрычніцкага раёна Гародні абвінаваціў ў арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі “За Незалежнасць”.

Перад пачаткам паседжання Мікола Салянік у зале суда зрабіў перформанс, прыкуўшу сябе да балясіны трыбуны памяшкання. Падчас паседжання Саляніку прыйшлося выклікаць хуткую, ён сардэчнік, і мае другую групу інваліднасці. Хуткая прыехала, медыкі збілі Саляніку ціск і хацелі завесці ў шпіталь. Той адмовіўся, і медыкі яго не забралі. Затое забралі людзі ў чорным з маскамі на тварах.

Яны выскачылі з адных з дзвярэй у будынку суда, схапілі Саляніка, адрэзалі ад яго прысутных і павалаклі таго ў невядомым кірунку. 

Фота: Гарадзенская вясна

* * * 

Судовае паседжанне, якое ірве шаблоны прайшло ў Гародні. Абласны суд павінен быў разглядаць скаргу грамадзяніна Беларусі Міколы Саляніка, сябра Беларускага Нацыянальнага кангрэсу, на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна, які аштрафаваў Міколу Саляніка за ўдзел у акцыі беларускіх грамадзянаў у абарону незалежнасці Беларусі. Гэты абсурдны прысуд Мікола Салянік будзе гатовы адстойваць нават калі давядзецца звяртацца ў міжнародныя структуры Аб’яднаных Нацыяў.

– Я вельмі многа пра гэта думаў сам, бо фактычна мы на баку ўладаў гулялі, як яны там перамовы праводзілі. Мы падтрымлівалі, мы дапамаглі Лукашэнку ў перамовах, бо ён кажа: вы бачыце, што робіцца, як народ паўстае. Я тут адзіны гарант. А што ўлады нас будуць судзіць, дык яны заўсёды прывыклі да таго, каб мы нічога не рабілі.

Перад пачаткам паседжання, якое з невядомых прычынаў затрымалі на 15 хвілінаў, Мікола Салянік у залі паседжанняў зрабіў перфоманс, прыкуўшу сябе да балясіны трыбуны памяшкання. Суддзя абласнога суда Гародні Ігар Собалеў, які вёў разляд скаргі, адрэагаваў на пратэст Міколы Саляніка, які абвесціў галадоўку і адмову адамкнуць замок ад повязі ланцуга, які сашчапіў ягоную шыю з судовай мэбляю, наступным чынам: ён зрабіў перапынак, а пасля правёў працэс у іншай залі паседжанняў.

Кажа праваабаронца „Вясны” Віктар Сазонаў

– Не зразумела і крыўдна, чаму яго судзяць, калі ён выйшаў змагацца за тое, за што загінулі яго продкі – за незалежнасць краіны. Салянік пайшоў на крайнія рэчы, пайшоў на пратэстныя рэчы – ён прыкаваў сябе ланцугом да бар’ернай стойкі і ён абвешаў сябе рознымі атрыбутыкамі. Усё гэта, безумоўна, зроблена для таго, каб прыцягнуць увагу да гэтага абсурду, які робіцца з судом, і каб людзі звярнулі на гэта ўвагу, каб звярнулі на гэта ўвагу суддзі, каб звярнулі на гэта ўвагу сілавікі, якія прымаюць удзел у затрыманні.

У выніку, супрацоўнік міліціі ў званні капітана, якому суд загадаў выдаліць Саляніка з залі паседжанняў, выклікаў пажарнікаў і хуткую медычную дапамогу. Першую для таго, каб адрэзаць ланцуг ад балясіны – не ад самога пратэстоўца. Другую службу – памерыць ціск і аказаць медычную дапамогу, бо Мікола – інвалід сардэчнік. Але праз некаторы час прыехалі асобы ў масках, якія завезлі Міколу ў Ленінскі РАУС.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

У Гародні ў абласным судзе адбыўся разгляд скаргі прадстаўніка БНК па Гарадзеншчыне Міколы Саляніка на рашэнне Кастрычніцкага суда горада, які прысудзіў грамадскаму актывісту 45 базавых адзінак за пратэстную акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй.

Напачатку судовага разгляду Салянік наладзіў перформанс і прыкаваў сябе да судовай стойкі. Суддзя Ігар Сабалеўскі з гэтай нагоды абвесціў перапынак.

Затым Міколу Саляніка разам з балясінай, да якой ён сябе прыкаваў, вывелі з залі, і судовае паседжанне адбылося без яго ўдзелу. Як і чакалася, скаргу пакінулі без задавальнення.

Беларускае Радыё Рацыя