Мікола Салянік: Рэжым нас прывёў да краю прорвы
У Гародні абласны суд разглядаў скаргу Міколы Саляніка, старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, на адміністрацыйны штраф Свіслацкага суда, які абвінаваціў яго паводле артыкула 23.34 адміністрацыйнага кодэксу нібыта ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Гэта вельмі абурыла аштрафаванага, бо ўдзень складання пратакола Мікола Салянік ускладаў кветкі на магілах у Свіслачы і ля бюстаў у цэнтры места. Суддзя Андрэй Ліхач пакінуў штраф у 25 базавых адзінак Міколу Саляніку без зменаў.
Кажа Мікола Салянік:
– Немагчыма, нават я не карыстаюся такім словам, немагчыма адстаяць праўду або законнасць у любой інстанцыі. Тупік. У мяне поўнае расчараванне. Самае цікавае, што ні ў 20, ні ў 30 гадоў, а за 50 гадоў я зразумеў, што сапраўды гэты рэжым нас прывёў да краю прорвы. Далей жыць і дазваляць здзеквацца над сабой проста немагчыма.
Толькі за адзін День ушанавання памяці паўстанцаў 1863 году, летась у кастрычніку, свіслацкая міліцыя, відаць, выканала план па штрафах. 140 базавых адзінак – такая агульная сума штрафаў, якая не была зменена ў выніку абскарджвання праз абласны суд.
Кажа праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
– Я не баюся назваць гэты працэс штрафавання грамадзян вялізнымі сумамі дзяржаўным рэкецірствам. Іначай гэта ніяк нельга акрэсліць. Гэта проста па-бандыцку з людзей выбіваць грошы за тое, што чалавек хоча рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права. Чалавек выйшаў і паклаў кветкі, і яму 15 ці 20 базавых штрафу.
Праваабаронцы і грамадскія актывісты не пакідаюць сумневу, што ўсе ўдзельнікі ціску і парушальнікі Канстытуцыі краіны ў пагонах і ў судовых мантыях адкажуць за зробленае.
Гэта старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін, суддзя гэтага ж суда Жана Салагубік. Суддзі абласнога суда, якія прымалі рашэнні адмовіць у задавальненні скаргаў грамадзянаў на вялізныя адміністрацыйныя штрафы ў парушэнні канстытуцыйных правоў грамадзянаў падчас Дня памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы: старшыня суда Аляксандр Корзун, суддзі Андрэй Ліхач, Аляксандр Козел, Анатоль Заяц, Валеры Раманоўскі, Уладзімір Янкоўскі.
Беларускае Радыё Рацыя