Мікола Статкевіч: Агент КДБ у незалежных структурах – гэта банальная сітуацыя
“Нестандартнасць сітуацыіі ў тым, што дзяўчына прызнала на судзе факт супрацоўніцтва са спецслужбамі”, – кажа палітык Мікола Статкевіч.
Як вядома, 30 ліпеня на працэсе над лідарамі прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам былая сакратарка арганізацыі Юлія Юхнавец прызналася, што была агентам КДБ.
Мікола Статкевіч: Тое, што ў незалежнай структуры выявіўся агент КДБ – гэта, на жаль, банальная сітуацыя. Ва ўсіх сталых зарэгістраваных структурах “кратоў” хапае і не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Нестандартнасць сітуацыі ў іншым – тое, што ў судзе дзяўчына прызнала факт супрацоўніцтва з КДБ. Я б нават назваў гэта правалам спецслужбаў і непрыемным сюрпрызам для іх. У свой час дзяўчыну, відаць, нечым запалохалі, прымуслі працаваць, але тое, што ў судзе яна пра гэта распавяла, вельмі істотна. Масавая некарэктная вярбоўка спецслужб і вядзе да такіх рэчаў.
РР: Вы лічыце, што прызнанне дзяўчыну не было раней спланаваным?
Мікола Статкевіч: Я так не лічу. Мне падаецца, што Юхнавец нават рызыкавала такім прызнаннем, бо ў будучым не выключана помста ёй. І гэта, дарэчы, ставіць пад сумненне яе ўласныя паказанні, якія яна дала падчас следства і на судзе. Напэўна, яны таксама зроблены пад ціскам, яна не можа адмовіцца ад іх, бо давала спецыяльную падпіску. Але ўсё гэта яшчэ раз пацвярджае, што ўся гэтая гісторыя і суд – правакацыя ўладаў і спецслужб.
РР: Вы лічыце, што агентуры ў апазіцыйных структурах хапае?
Мікола Статкевіч: Наколькі мне вядома, пасля падзей 2010 году некаторыя асобы з кіраўніцтва апазіцыйных партый таксама падпісалі абавязальніцтвы сустракацца з работнікамі спецслухбаў. Хаця гэта фармальне не падпіска аб супрацоўніцтве, але рэальна гэта так. Бо некалькі сустрэч могуць запісаць на відэа і далей выкарыстоўвасць чалавека для шантажа. Таму я сёння і бачу, што “зарэгістраваная” апазіцыя займаецца імітацыяй палітычнай барацьбы. Яна ўцякае адк крытыкі рэжыма і пратэстаў. Зараз, па сутнасці, з пратэстнай апазіцыі застаўся толькі Беларускі нацыянальны кангрэс. Усе астатнія рушылі ў грамадскі сектар і розныя дыялогі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя