Мікола Верамеенка: Суддзя нават не захацеў мяне слухаць
У Гарадзенскім абласным судзе пачаўся разгляд касацыйнай скаргі Міколы Верамеенкі – сына ўладальніка гарадзенскай “Адметнасці” і грамадскага актывіста Сяргея Верамеенкі.
Хлопца незаконна затрымалі ў будынку ДАІ яшчэ ў кастрычніку і нядаўна асудзілі за акцыю, на якой ён не быў:
– Мяне затрымалі ў будынку ДАІ ў той момант, калі я забіраў дакументы на свой аўтамабіль. Спачатку мне не хацелі аддаваць дакументы. Мяне адвялі ў кабінет начальніка МРЭА, дзе якраз сядзеў той супрацоўнік, які прадставіўся, паказаў дакументы і сказаў, што мне трэба пайсці з ім у Кастрычніцкі РАУС, бо я затрыманы па арт. 23.34. Завезлі мяне ў райаддзел на Гая, 4.
Мікола вельмі здзівіўся паводзінамі суддзі ў абласным судзе падчас разгляду касацыйнай скаргі:
– У судзе я сказаў, што ўсе пратаколы былі складзены са шматлікімі парушэннямі. Суддзя на гэта ніяк не адрэагаваў. Суддзя сказаў, што вы ж давалі гэтыя паказанні. Я адказаў, што даваў паказанні пад ціскам. Але вы ж падпісалі, што згодныя з гэтымі паказаннямі. Я ізноў сказаў, што зрабіў гэта пад ціскам. Суддзя ніяк на гэта не рэагуе.
Рашэнне па касацыйнай скарзе Міколы Верамеенкі будзе абвешчана ў панядзелак 23 лістапада а 10-й раніцы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча