Міколу Саляніка будуць судзіць 22 лістапада



Суд над Міколам Салянікам – старшынём гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі пройдзе 22-га лістапада ў Ленінскім раённым судзе Гародні, а палове трэцяй дня.

Яго абвінавацілі паводле адміністрацыйнага кодэксу нібыта ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Парадокс палягае ў тым, што Салянік быў абвінавачаны 7-га лістапада за тое, што выйшаў з плакатам „Далоў самадзяржаўе!”. Гэты гістарычны лозунг лютаўскай рэвалюцыі адпавядаў ідэям  бальшавікоў, з падачы якіх было ўсталяванае свята 7-га лістапада. Сваёй віны Мікола не прызнае.

– Гэта дзяржаўнае свята. А на дзяржаўнае свята не трэба ніякі дазвол. І любы чалавек можа выйсці і святкаваць гэта свята. І мы таксама выйшлі. І мы нічога супрацьпраўнага не рабілі. Віншавалі людзей. Нікому не заміналі, толькі віншавалі людзей. Таму навошта нас так затрымоўваць. Я асабіста супраціўляўся, бо чаму на мяне трэба адзяваць кайданкі.

Адказы на пытанні павінен даць Ленінскі суд Гародні: чаму ў святочны дзень на Міколу Саляніка двойчы надзяваюць кайданкі міліцыянты? Першы раз: ён прымусова скіраваны міліцыянтамі ў пастарунак для давання асведчання па папярэдняй, Свіслацкай, справе? Чаму на яго, інваліда, 7-га лістапада на цэнтральнай вуліцы Гародні накідваюцца міліцыянты і другі раз надзяваюць кайданкі, толькі за тое, што ён нёс транспарант з ватмана? Другога ўдзельніка святочнай акцыі з транспарантам Аляксандра Лаўрэнцьева ўжо аштрафавалі на 30 базавых адзінак адміністрацыйнага штрафа.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя