Міколу Саляніку прысудзілі дзесяць базавых адзінак



У Гародні дзесяць базавых адзінак адміністрацыйнага штрафу прысудзіў суддзя Кастрычніцкага раённага суда Валеры Шпак Міколу Саляніку – кіраўніку абласной філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Сутнасць адміністрацыйнай справы заключалася нібыта ў „непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі”. 7-га лістапада міліцыянты Юры Сярко і Аляксей Панамароў у цывільным падпільноўвалі Міколу Саляніка пад яго кватэрай. Мікола Салянік выносіў смецце і быў затрыманы гэтымі службоўцамі. Яны і выступалі сведкамі ў судзе.

Кажа Мікола Салянік:

– Я не надзеў акуляры, я не бачыў вашых пасведчанняў. Вы на машыне без міліцэйскіх сімвалаў. Я ведаю, што ўжо некалькі чалавек завезлі ў лес на палігон і там закапалі. Я патрабаваў: калі вы мяне хочаце везьці, то давайце спецтранспарт, каб я бачыў, што гэта міліцэйская машына, што гэта людзі ў форме, – тады паеду.

Мікола Салянік заўважыў:”чаму дзеля азнаямлення з адміністрацыйным пратаколам яго дастаўляюць прымусова ў кайданках у пастарунак міліцыі?” Таксама адказчык здзівіўся, што суд прызнаў непадпарадкаваннем міліцыі? Тое, што ён выгукнуў: „Жыве Беларусь!”? Ці тое, што запатрабаваў надзець кайданкі і даставіць на транспарце з міліцэйскімі сімваламі?

Асабліва важнай акалічнасцю пры судовым разбіральніцтве аказалася супярэчнасць у паказаннях у пратаколе з паказаннямі ў судзе сведкаў Юрыя Сярко і Аляксея Панамарова.

Кажа праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які назіраў за судовым парацэсам:

– Суддзя Валеры Шпак не ўзяў пад увагу галоўны аспект у разглядзе гэтай адміністрацыйнай справы, а гэта тое, што паказанні прадстаўнікоў міліцыі Кастрычніцкага РАУС не супадалі з тымі рэчамі, якія былі адлюстраваныя ў пратаколе пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. У пратаколе яны абодва сцвярджалі, што Салянік аказаў супраціў. А на судзе яны як сведкі засведчылі, што Салянік не аказваў ніякага супраціву і падрабязна адказалі на ўсе пытанні і Саляніка, і суддзі, то бок відавочную супярэчнасць суддзя Валеры Шпак праігнараваў.

Праваабаронцы разглядаюць прысуд Саляніку як пераслед за палітычныя погляды, які не мае нічога агульнага з законнасцю. 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара