Мікрараён Гародні фактычна адрэзаны ад горада
Мікрараён з прыватнай забудовай „Забалаць-1” фактычна адрэзаны бездарожжам ад Гародні, хаця гэта частка горада.
Шэраг маладых сем’яў менавіта па гэтай прычыне не можа пераехаць у свае дамы, бо з-за адсутнасці асфальтавага пакрыцця дарогі размывае і вельмі цяжка кудысьці дабрацца:
– Ну ўвогуле ў мінулыя зімы сітуацыя была лепшая, бо надвор’е было лепшае, дарога замярзала і можна было праехаць, а цяпер бачыце, які бруд. Даводзіцца пакідаць машыну каля могілак і з дзецьмі на руках да свайго ўчастка метраў 500 трэба ісці. Павінны былі зрабіць, мы нічога не плацілі, не падсыпалі, сваімі сіламі нічога не рабілі. Спадзяемся, што наша кіраўніцтва нам дапаможа.
Калектыўны зварот да ўлады адносна стану дарог у мікрараёне быў пачуты. Намеснік старшыні Гарадзенскага выканаўчага камітэта Казімір Гецэвіч сустрэўся з жыхарамі на вуліцы Сабалянскай, куды прыйшло некалькі дзясяткаў жыхароў:
– На асфальтаванне грошай не даюць і па пастанове Савета міністраў не будзе пакуль асфальта.
Чыноўнік паабяцаў, што падрамантуюць толькі адну з вуліцаў, але дата выканання названа не была. Жыхары згадалі, што ўлады ігнаруюць указ кіраўніка Беларусі №72, паводле якога ўлады павінны былі стварыць мінімальныя шляхі камунікацыі ў новым мікрараёне.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня