Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук – на свабодзе



Згаданых берасцейскіх журналістаў-фрылансераў затрымалі 11 кастрычніка сілавікі ў раёне, дзе мусіў праходзіць «Марш гонару». Абодвух даставілі ў РАУС Ленінскага раёна Берасця, дзе высвятлялі што з імі рабіць.

Калі Алеся Ляўчука ў той самы вечар карэта хуткай дапамогі адвезла ў шпіталь, то Мілану Харытонаву пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання на 72 гадзіны да серады:

– І адвакатка мяне чакала ў судзе, і калегі мяне чакалі ў судзе, што я туды прыеду. І яны тэлефанавалі ў ізалятар, і ім хлусілі, казалі, што я з’ехала ўжо ў суд. А насамрэч, я працягвала знаходзіцца ў камеры. І калі час мой амаль выйшаў, гэтыя 72 гадзіны, мяне паклікалі. І я падумала, што мяне зараз азнаёмяць з пратаколам і я паеду ў суд. Але раптам гэтае папярэджанне.

Такім чынам, калі Мілану Харытонаву выспусцілі з «Афіцыйным папярэджаннем» аб недапучальнасці парушэння пэўных артыкулаў КоАП РБ, то Алеся Леўчука са шпіталя назад у РАУС так і не даставілі:

– Я лічу, што тое, што адбываецца зараз – гэта цалкам прававое бязмежжа. Мы, журналісты, выконваем сваю працу. Я бычыў, што ў Ленінскім РАУСе Берасця не дзейнічаюць ніякія законы – ні чалавечыя, ні юрыдычныя. У выніку я таксама мог апынуцца ў гэтай камеры. Але, дзякуй Богу, я з’ехаў у лякарню. Хоць 40 хвілін мяне трымалі ў Ленінскім РАУСе.

Перад выхадам на свабоду Мілана Харытонава задала міліцыянту, які агучваў папярэджанне, пытанне прыкладна такога зместу: «Я не прыхоўваю таго, што знаходзілася ў раёне акцыі пратэста. Я там выконвала сваі (прафесійныя) абавязкі. Акрамя мяне там былі людзі ў форме міліцыі, АМАПу, ДАІ. Вы іх таксама затрымалі на 72 гадзіны і папярэдзілі? І вы і я робім сваю працу, але вы можаце мне вынесці папярэджанне, а я вам не».

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце