Мілінкевіч: Дзякуй гарадзенцам, што дапамагаюць медыкам



Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч выказвае шчырую падзяку ўсім гарадзенцам, грамадскім дзеячам і простым людзям, што аб’ядналіся ў валанцёрскі рух дапамогі медыкам Гродна/Валанцёры covid19

– Я лічу, што гэта, можа, адзінае, што варта рабіць. Трэба падзякаваць тым людзям, хто ў гэтым удзельнічае. І гэта канкрэтная дапамога тым медыкам, якія сёння героі тых падзеяў, якія ў нас адбываюцца. І без такой дапамогі, і маральнай, і канкрэтнай вельмі цяжка. Гэта вось і ёсць дэманстрацыя таго, што мы не толькі змагаемся за пасады, а мы робім справы тыя, што неабходныя ўсім людзям. Гэта заваяванне аўтарытэту. Я проста дзякую гарадзенцам, што яны так робяць.

На думку палітыка, менавіта такога аб’яднання не стае ў беларускай сталіцы, дзе пераважаюць амбіцыі:

– З аб’яднаннем апазіцыі мы ж ведаем гісторыю ўжо даўно-даўно. З аб’яднаннем заўсёды найгорш у сталіцы. Амбіцыі, амбіцыі, амбіцыі жаданне быць першым. А ў рэгіёнах аб’яднанне стабільнае і значна лягчэйшае. І многія такія ініцыятывы, якія аб’ядналіся, паходзілі з Гародні. Таму, на жаль, у сталіцы амбіцыі пераважаюць

Аляксандр Мілінкевіч ужо амаль два месяцы – у самаізаляцыі ў маленькай вёсцы Бершты, дзе ён працягвае працу над Еўрапейскім універсітэтам.

Беларускае Радыё Рацыя