Міліцэйская змова за «Свіслач 2016»?



Услед за Гарадзеншчынай, на Берасцейшчыне пачалі судзіць удзельнікаў мерапрыемства па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863-64 гадоў у Свіслачы. Агульным з усіх працэсаў з’яўляецца тое што судзяць людзей па розных частках артыкула 23.34 КаАП РБ «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», аднак на падставе відэафіксацыі, якую рабілі невядомыя ў цывільным. На самой акцыі памяці ні разу міліцыянеры не падышлі да ніводнага з 45 удзельнікаў і не зрабілі заўвагі пра нейкае парушэнне.

Кажа баранавіцкі грамадскі актывіст, Рыгор Грык, які сочыць за працэсамі:

Вы ж ведаеце, што я заўсёды апранаюся ў канцлагерную робу, бо хачу сказаць, што мы жывем у канцлагеры. Нават самі міліцыянты і людзі казалі, што 25 гадоў яны прыязджаюць на Дзяды і ушаноўваць сваіх блізкіх і герояў у гэтай краіне. Зразумела, што калі б у нас былі народнавыбраныя дэпутаты і чыноўнікі — патрыёты сваёй краіны, дык Аляксандра Меха на апошніх выбарах выбралі б дэпутатам і не было б ніякіх парушэнняў і ніякіх судоў. Усё было б нармальна.

З Берасцейцаў першым пад жорны судовай сістэмы трапіў кобрынскі палітык Алесь Мех. Зараз у Судзе Кобрынскага раёна адбываецца працяг разгляду справы датычнай ягонага ўдзелу ў мерапрыемстве ў Свіслачы. Далей, ужо 8 снежня чакаецца чарговы суд па справе «за Свіслач» дзе будуць судзіць грамадскага актывіста Яўгена Скрабутана. «Гэта падобна на змову», — гучаць меркаванні прысутных у працэсе над Мехам.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце