Міліцыя адмаўляецца вяртаць апазіцыянеру канфіскаваную аргтэхніку



Праваахоўныя органы каля пяці месяцаў праводзяць праверку ў дачыненні да актывіста аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Станіслава Паўлінковіча, адмаўляючыся вяртаць канфіскаваную ў яго аргтэхніку.

7 сакавіка ў кватэры Паўлінковіча ў Магілёве супрацоўнікі Ленінскага РАУС канфіскавалі сістэмны блок і манітор камп’ютара для правядзення праверкі. Міліцыянеры падазравалі, што з дапамогай гэтай тэхнікі Паўлінковіч распаўсюджваў парнаграфічныя матэрыялы праз свой акаўнт у сацыяльнай сетцы „УКантакце”. Актывіст катэгарычна адмаўляў, што размяшчаў якія-небудзь ролікі парнаграфічнага характару на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, звязваючы канфіскацыю тэхнікі са сваёй палітычнай дзейнасцю. У сярэдзіне ліпеня Паўлінковіч запатрабаваў ад Ленінскага РАУС Магілёва вярнуць яму канфіскаваную больш за чатыры месяцы таму аргтэхніку.

Пра тое, што перадаць Станіславу Паўлінковічу яго сістэмны блок і манітор не ўяўляецца магчымым, паведаміў у адказе актывісту начальнік Ленінскага РАУС Аляксей Шчарбакоў. „Матэрыял праверкі ў дачыненні да вас знаходзіцца ў пракуратуры Магілёва, дзе вырашаецца пытанне аб накіраванні гэтага матэрыялу ў Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь для далейшага прыняцця рашэння ў адпаведнасці з артыкулам 174 КПК РБ. Ваш прававы статус — асоба, у дачыненні да якой вядзецца праверка”, — гаворыцца ў адказе начальніка РАУС.

Станіслаў Паўлінковіч палічыў, што міліцыя неправамерна адмаўляецца вяртаць яго аргтэхніку, і звярнуўся 2 жніўня ў гарадскую пракуратуру з просьбай даць яму азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Спасылаючыся на артыкул 173 КПК, актывіст апазіцыі ўказвае, што тэрмін праверкі можа быць прадоўжаны максімум да трох месяцаў. Ён адзначае, што з моманту канфіскацыі яго камп’ютара прайшло пяць месяцаў.

Паўлінковіч не ўпершыню праследуецца ўладамі. Так, 24 сакавіка суд Кастрычніцкага раёна Мінска арыштаваў яго на пяць сутак па абвінавачанні ў дробным хуліганстве. Актывіст меў намер прыняць удзел у акцыі пратэсту. У верасні 2016 года, калі Паўлінковіч таксама хацеў паехаць на акцыю пратэсту ў Мінск, ён быў затрыманы міліцыяй каля свайго дома. „Пратрымалі шэсць гадзін, пакуль акцыя не скончылася, і потым была справа аб адміністрацыйным правапарушэнні. СМІ паднялі гэтую тэму, і на тым адміністрацыйная справа скончылася”, — паведаміў актывіст.

belapan.by