Міліцыя апытвае тых, хто быў на ўшанаванні Міхала Валовіча
У сераду, 26 чэрвеня, на працу да Віктара Марчыка наведалі супрацоўнікі Слонімскага РАУС і цікавіліся, ці прымаў удзел слонімец ва ўшанаванні аднаго з кіраўнікоў паўстання на Беларусі ў 1830-1831-х гадах Міхала Валовіча. Ушанаванне нацыянальнага героя Беларусі адбылося сёлета 16 чэрвеня на могілках вёскі Парэчча Слонімскага раёна, дзе стаіць мемарыяльны знак Міхалу Валовічу і яго паплечнікам.
Віктар Марчык сказаў міліцыянерам, што “гэта справа кожнага беларуса і кожны з нас мае права наведваць могілкі, дзе пахаваны іх землякі і сваякі”.
Участковы міліцыянер пару дзён назад завітаў і да слонімца Івана Бедкі, але ім пагутарыць не ўдалося. Магчыма супрацоўнік РАУС яшчэ раз наведае пенсіянера.
Дарэчы, ва ўшанаванні Міхала Валовіча прынялі ўдзел каля 30 чалавек са Слоніма, Менску, Гародні і іншых рэгіёнаў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя