Міліцыя атрымлівае доказы з парушэннем заканадаўства?



На працягу года ў Гарадзенскай вобласці амаль 400 чалавек было прыцягнута да адказнасці за незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў. Пераважная большасць асуджаных – маладыя людзі ва ўзросце да 30-ці гадоў, якія атрымалі вялікія тэрміны турэмнага зняволення.

Судовая практыка паказвае, што прыцягнутыя да адказнасці парушальнікі звычайна кваліфікуюцца як распаўсюднікі наркотыкаў, што не заўсёды адпавядае рэчаіснасці.

Як зазначае старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнню грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар, не з’яўляюцца выключэннем доказы, якія супрацоўнікі міліцыі атрымліваюць з парушэннем заканадаўства:

– Ведаю выпадкі, калі хлопцы заяўляюць: „Прадстаўце адваката”. Там кажуць: „Ты наглядзеўся амерыканскіх фільмаў, адвакат толькі ў Амерыцы, зараз мы табе пакажам адваката”. Ужываюць катаванні, прымяняюць збіццё да хлопцаў, скрозь парушэнне заканадаўства.

Праваахоўныя структуры Гарадзеншчыны выяўляюць усё большую колькасць нарказлачынстваў, якія ажыццяўляюцца з дапамогай інтэрнэт-тэхналогій. Тэхнічнае забеспячэнне пракуратуры, міліцыі і Следчага камітэта пакуль не дазваляе трымаць сітуацыю пад кантролем.

Беларускае Радыё Рацыя