Міліцыя будзе ветлівай толькі падчас Еўрапейскіх гульняў?



Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч распавёў, чаму міліцыя павінна быць карэктнай не толькі перад гасцямі Беларусі.

Новы міністр унутраных спраў Юрый Караеў адзначыў, што беларуская міліцыя паўстане перад замежнымі гасцямі, якія прыехалі на Еўрапейскія гульні, ветлівай, карэктнай і, па магчымасці, непрыметнай.

“У гэтай сувязі рэкамендацыя адна — памятаць, што гасцей сустракаюць з усмешкай, як калі б у твой дом прыйшлі сябры”, – сказаўа Караеў.

Аляксандр Мілінкевіч: Спорт у Беларусі – гэта палітыка і, як думае ўлада, амаль нацыянальная ідэя. Таму такое пяшчотнае стаўленне і да гасцей спартыўнага мерапрыемства, і да сітуацыі.

Караеў сказаў зараз правільныя словы, але ён не дадаў галоўнае – міліцыі перш за ўсё трэба заўсёды быць карэктнай са сваімі грамадзянамі, а не кідаць іх у засценкі ні за што. Дарэчы, як мне падаецца, новы міністр унутраных спраў будзе праводзіць некалькі іншую палітыку, чым яго папярэднік Ігар Шуневіч.

РР: Як вы ацэньваеце дзеянні міліцыі пад кіраўніцтвам Шуневіча?

Аляксандр Мілінкевіч: Яму здавалася, што галоўнае ўсіх напалохаць і паставіць на месца. Думаю, Юрый Караеў – больш выхаваны чалавек і паспрабуе зрабіць дзеянні больш справядлівымі. Хаця ў той жа час трэба разумець, што міліцыя – частка рэпрэсіўнай сістэмы і падпарадкоўваецца гэтай сістэме.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя