Міліцыя Бярозаўшчыны шчыруе на ніве штрафаў
Міліцыянты Бярозаўшчыны раздаюць іх дзе трэба і дзе не трэба. Ужо не сакрэт, што такім чынам выконваецца даведзены план па штрафах.
Да прыкладу, у вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна міліцыяй была аштрафавана на чвэрць заробку шматдзетная маці Таццяна Малышава, якая невялікі кусочак адной з вулачак вёскі перагарадзіла дадзенымі горгазам знакамі на тры дні для падвядзення газу да сваёй новабудоўлі. Перашкод для руху па вуліцы не было, кажа Таццяна Малышава.
– Я не паставіла знак аб’езду, хоць мне не сказалі, што патрэбны такі знак, што я мусіла ўзгадніць гэта з ДАІ. Як мне сказалі ў гаргазе – так я і зрабіла. Ямка была агароджана жоўтай лентай, на якой было напісана “Асцярожна, газ!”. Нішто не перашкаджала праезду машын. Мне далі 2 базавыя – гэта 420 тысяч, або 42 новыя рублі. Я шматдзетная мама, у мяне трое дзетак. У маёй сітуацыі гэта значная сума штрафу.
Таццяна Малышава будзе абскарджваць рашэнне міліцыі. Ні пратакола, ні рашэння на рукі ёй не выдалі.
Беларускае Радыё Рацыя