Міліцыя накрыла сетку распаўсюджвальнікаў псіхатропаў
У розных рэгіёнах рэспублікі прайшлі затрыманні прадстаўнікоў крымінальнай структуры, якія забяспечвалі функцыянаванне вядомай інтэрнэт-пляцоўкі па продажы „дызайнерскіх” наркотыкаў, спайсаў. У спісе арыштаваных больш за 20 чалавек. Такая інфармацыя размешчана на сайце МУС, паведамляе БЕЛТА.
Праваахоўнікі ліквідавалі шырокую сетку збытчыкаў псіхатропных рэчываў. Арыштаваныя асноўныя прадстаўнікі крымінальнай структуры, пачынаючы з ключавых звёнаў – аптовых пастаўшчыкоў „тавару” ў нашу краіну. Таксама затрыманыя пасярэднікі, адказныя за канкрэтныя рэгіёны, дробныя дылеры і „менеджары” сярэдняга звяна.
Затрыманні праводзіліся ў Менскай, Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцях, а таксама ў Менску.
„Лік канфіскаваных наркотыкаў і псіхатропаў вылічаецца кілаграмамі. Вядома, што затрыманыя дзейнічалі пад кіраўніцтвам арганізатараў інтэрнэт-крам па збыце псіхатропных рэчываў, якія кіруюцца з-за межаў краіны”, – адзначылі ў МУС.
МУС выйшла з хадайніцтвам аб аб’яднанні распачатых па ўсёй краіне крымінальных спраў, звязаных з названай наркосеткай, у адну вытворчасць на ўзроўні цэнтральнага апарата Следчага камітэта.
Фота з сайта МУС