Міліцыя не бачыць парушэнняў у працы дзяржаўных СМІ
Гарадзенская міліцыя не пабачыла парушэнняў у асвятленні дзяржаўнымі СМІ спробаў прарыву праз польскую граніцу. Аддзел унутраных спраў Гарадзенскага райвыканкама адказаў на петыцыю з патрабаваннем праверыць законнасць асвятлення ў жывым эфіры на дзяржаўных каналах спробаў мігрантаў прарвацца праз беларуска-польскую граніцу. Спробы суправаджаліся штурмам граніцы, гэта асвятлялі праўладныя СМІ — а гэта парушае закон пра забарону анлайн-трансляцый з несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.
Аднак у адказе на петыцыю начальнік Гарадзенскага РАУС Дзмітрый Фомчанкаў заявіў, што “парушэнняў дзейнага заканадаўства ў ходзе праверкі не ўстаноўлена”.
