Міліцыя не можа знайсці хуліганаў, якія напалі на дом актывіста



Гомельскі грамадскі актывіст і журналіст-фрылансер Канстанцін Жукоўскі 12 ліпеня звярнуўся ў міліцыю з паўторнай заявай пра напад на яго дом хуліганаў.

Як паведаміў Жукоўскі БелаПАН, 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, на вуліцы Тэльмана невядомы выйшаў з аўтамабіля і пачаў спраўляць патрэбу каля дома актывіста.

„Я зрабіў яму заўвагу, у адказ ён пачаў лаяцца матам, абражаць мяне і беларускую мову, на якой я размаўляў, спрабаваў справакаваць бойку. Пасля таго, як я выклікаў міліцыю, хуліган разам з сабутэльнікамі з’ехаў. Я напісаў заяву. Прыкладна праз дзве гадзіны кампанія з трох чалавек вярнулася і зноў пачала абражаць мяне, яны падышлі да агароджы, лаяліся матам, патрабавалі, каб я гаварыў па-руску. Хуліганы сцвярджалі, што яны грамадзяне Расіі, абражалі нашу краіну, міліцыю, казалі, што ім пляваць на нашу ўладу і прэзідэнта, таму што яны расіяне. Таксама пагражалі фізічнай расправай. Я зноў выклікаў нарад і напісаў заяву з просьбай аб распачынанні крымінальнай справы”, — расказаў гамяльчанін.

12 ліпеня той жа мужчына зноў прыязджаў да дома Жукоўскага і працягваў абражаць яго. Таму актывіст напісаў паўторную заяву.

Напярэдадні з АУС Цэнтральнага раёна Гомеля прыйшоў адказ на першую заяву актывіста. У лісце міліцыя паведамляе, што па выніках праверкі прынята рашэнне аб заканчэнні адміністрацыйнай справы, паколькі за час праверкі правапарушальнік не быў знойдзены. У той жа час адзначаецца, што пры ўстанаўленні асобы хулігана будзе складзены пратакол па артыкуле 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). Адказ з міліцыі прыйшоў на беларускай мове з лексічнымі і граматычнымі памылкамі.

„Падвойныя стандарты ўлада выкарыстоўвае даўно, — лічыць Жукоўскі, каментуючы тое, што міліцыя не можа знайсці хуліганаў. — „Рускі мір” не чапаюць, так недалёка і да Гомельскай Народнай Рэспублікі, але тады ўжо позна будзе”.